Кібернетыкі атакуюць — Лукашэнка сабраў нараду па кібербяспецы
На нарадзе па пытаннях кібербяспекі / president.gov.by
Аляксандр Лукашэнка сабраў у аўторак нараду, прысвечаную кібербяспецы. Найперш ён заявіў прысутным, што рост кібератакі назіраецца ва ўсім свеце.
"Гэтыя так званыя кібернетыкі атакуюць перш за ўсё стратэгічныя аб'екты, дзяржаўныя органы, прадпрыемствы, банкаўскую сістэму", — сказаў Лукашэнка. Гэта робіцца, па яго словах, каб нанесці максімальную шкоду эканоміцы і ў выніку дэстабілізаваць грамадства.
Ён таксама расказаў, што адказным асобам раней даручыў унесці прапановы па максімальным супрацьдзеянні кібератакам. Сёння гэтыя прапановы і планавалі разгледзець. Пры гэтым Лукашэнка адразу папярэдзіў, што на стварэнне новых структур, якія займаліся б адбіццём кібератак, грошай няма. "Спачатку вы мне павінны прапанаваць засцерагчы нашу дзяржаву з улікам таго, што ў нас ёсць", — папярэдзіў ён. Назіраць за агульнай сітуацыяй няма чаго, трэба "ствараць сістэму бяспекі на тых аб'ектах, якія будуць атакаваныя ў выпадку кібервайны".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.