Кіраўніца Чырвонага Крыжа з Гомеля падтрымала дастаўку ядзернай зброі ў Беларусь
Ала Смаляк (справа) падчас тэлеэфіру / ТРК "Гомель"
Старшыня Гомельскага абласнога Чырвонага Крыжа Ала Смаляк падтрымала размяшчэнне ў Беларусі ядзернай зброі. Адпаведную заяву яна зрабіла днямі ў эфіры Гомельскага тэлебачання, піша "Флагшток".
Смаляк сказала, што абмяркоўвае ядзерную зброю з калектывамі падчас наведвання сельскіх раёнаў і заводаў. "Гэта зброя прымусіць паважаць нашы інтарэсы", — падкрэсліла яна. Людзі, паводле яе слоў, просяць перадаваць Лукашэнку вялікую падзяку за гэта.
Прадстаўніцтва Чырвонага Крыжа ў Беларусі неаднаразова заўважалі ў поўнай падтрымцы рэжыму Лукашэнкі. Чальцоў гэтай арганізацыі, напрыклад, заўжды ўключаюць у склад выбаркамаў за іх лаяльнасць уладзе.
Кіраўніка Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрыя Шаўцова праваабаронцы лавілі на гамафобных выказваннях.
Кіраўніцтва Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа ніколі ніяк не рэагавала на падобныя скаргі на дзейнасць беларускіх функцыянераў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.