Жорсткая крытыка ААН: "Могуць перадаць у калонію лекі, а саджаюць клумбы"
Чырвоная стужка — сімвал салідарнасці з ВІЧ-інфікаванымі людзьмі / EHPV - Eesti HIV-positiivsete võrgustik
Арганізацыі сістэмы ААН, Чырвоны Крыж маюць доступ да калоній, але замест гэтага выказваюць заклапочанасць сімвалічнымі жэстамі, кажа прадстаўніца Пераходнага кабінета Вольга Гарбунова.
Сябры адной з такіх арганізацый нядаўна пасадзілі клумбу ў выглядзе чырвонай стужкі, і такім чынам выказалі сваю заклапочанасць праблемамі ВІЧ-інфікаваных у Беларусі. Гарбунову гэта абурыла.
— У мяне была сукамерніца, якая сядзела не па палітычным артыкуле. У яе была стадыя цяжкага імунадэфіцыту. Раней гэта называлася СНІДам. Гэта значыць, што чалавек на мяжы, што яму засталося зусім трошкі.
Але на Валадарцы няма нават інфекцыяніста, які б дапамог скарэктаваць тэрапію, прызначыць аналізы.
І Чырвоны Крыж высаджвае клумбу ў выглядзе чырвонай стужкі, хоць паводле свайго мандата і Чырвоны Крыж, і агенцтва сістэмы ААН маюць допуск да пенітэнцыярнай сістэмы, яны маюць допуск у калоніі.
Гарбунова нагадвае гэтым арганізацыям, што яны могуць працаваць у рамках праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі, могуць прыцягваць у такія закрытыя ўстановы лекі.
— Але ніхто гэтым не займаецца, таму што ўмова іх знаходжання ў краіне — гэта адсутнасць усякай крытыкі таго, што адбываецца, — лічыць Гарбунова.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.