Здаецца, свет прыдумаў, як знізіць шкоду для прыроды ад самалётаў
Самалёт
Эксперты ў галіне авіяцыі сцвярджаюць, што можна лёгка даць рады негатыўным эфектам ад кандэнсацыйных слядоў, якія пакідаюць пасля сябе рэактыўныя самалёты.
Рашэнне праблемы ўпершыню абмяркуюць на кліматычнай канферэнцыі ААН, якая сёлета праходзіць у Баку.
Гэтыя сляды — дарожкі, якія вы бачыце ў небе пасля пралёта рэактыўнага самалёта — наносяць істотную шкоду клімату. Яны падвойваюць колькасць цяпла, якое вылучаецца ў выніку спальвання паліва. Інверсійныя сляды ўтвараюцца гэтаксама, як пара, якую вы выдыхаеце зімой на дварэ, піша ВВС.
"Яны ствараюць штучны пласт аблокаў, што ўтрымлівае цяпло ад Зямлі, якое спрабуе сысці ў космас", — сказаў адзін з аўтараў новага даследавання Карлас Лопес дэ ла Оса.
І гэтыя сляды аказваюць на пацяпленне планеты прыкладна такі ж эфект, як вугляродныя выкіды, што ўтвараюцца падчас палёту. Але адносна простыя змены могуць моцна дапамагчы планеце. Аўтары новага даследавання кажуць, што толькі 3% палётаў выклікаюць каля 80% пацяплення. Што ж такога адбываецца падчас гэтых 3% палётаў?
Праблема ў траекторыі. Геаграфія палёту моцна ўплывае на тое, ці будзе эфект "пацяплення" ад інверсійнага следу. І змяненне траекторыі палёту некалькіх самалётаў можа знізіць эфект пацяплення ад інверсійных слядоў у два разы ўжо да 2040 года. А каштаваць гэта будзе каля 5 еўра за палёт.
А яшчэ значэнне мае час сутак. Найбольшы "ўнёсак" у глабальнае пацяпленне робяць інверсійныя сляды, якія ўтвараюцца ў выніку вечаровых і начных палётаў. Важная і сезоннасць палётаў: сляды, што "саграваюць" планету найбольш, узнікаюць зімой.
Кажуць, гэта адно з самых простых рашэнняў, якія абмяркоўваюць на кліматычнай канферэнцыі ААН. Простым і досыць танным спосабам можна прыпыніць награванне планеты.
Даследчыкі кажуць, што на пошукі экалагічна чыстага авіяцыйнага паліва цяпер выдаткоўваюцца велізарныя сродкі. А барацьба з інверсійнымі слядамі магла б прынесці вялікую карысць клімату, пры гэтым скараціўшы выдаткі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.