Кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі параўнаў Каліноўскага з Бандэрам і Шухевічам
Старшыня прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў і кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Сергеенка / sb.by
16 траўня ў Мінску на "Рэспубліканскім савеце па гістарычнай палітыцы пры Адміністрацыі прэзідэнта РБ" гаварылі пра нацыянальных герояў Беларусі. Міністр культуры Анатоль Маркевіч нават прапанаваў стварыць электронную базу даных пра іх. Зразумела, што ў яе патрапяць толькі тыя асобы, якіх ухваляць ідэолагі. Кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Сергеенка заявіў, што "неабходна выпрацаваць дакладныя крытэрыі ацэнкі ўкладу асобы ў гісторыю сваёй краіны і маркеры недатычнасці да гэтай гісторыі, такія як факты служэння інтарэсам іншых дзяржаў".
Найбольш хвалюе рэжым асоба Кастуся Каліноўскага, героя вызваленчай барацьбы. "Сфальсіфікаваны вобраз нацыянальнага героя здольны ў роўнай ступені як аб'яднаць, так і раскалоць грамадства, — цытуе словы Сергеенкі sb.by. — Прыклад таму —- створаны ў савецкай гістарыяграфіі міф пра Каліноўскага. Мы ўбачылі на свае вочы, як небяспечна скажаць факты ці хаваць частку праўды. Савецкае пакаленне вырасла на прыкладзе гераічнай барацьбы рэвалюцыянера Каліноўскага з царызмам. А сёння, на асобе гэтага так званага героя, на прыкладзе яго барацьбы за ідэю аднаўлення польскай Рэчы Паспалітай гуляе знешні вораг, спрабуючы ўбіць клін паміж брацкімі народамі, раскалоць грамадства ўнутры адной краіны".
А далей кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі заявіў пра "зверствы" каліноўцаў у 1863-м над "беларускім праваслаўным насельніцтвам" і правёў паралелі з рэпрэсіямі... польскіх нацыяналістаў пасля Другой сусветнай вайны супраць беларусаў на Беласточчыне. "І чым у такім выпадку Каліноўскі адрозніваецца ад тых жа Бандэры, Шухевіча, Кушаля, Бурага?", — не супакойваецца Ігар Сергеенка. Усё змяшалася ў яго галаве. Ён параўнаў Каліноўскага з... "Бурым", які пасля вайны паліў беларускія вёскі ў Польшчы. Відаць, гэта актыўна будзе ў далейшым выкарыстоўваць прапаганда. Пастаўлена задача даць "выразную ацэнку асобным гістарычным персанажам і перагледзець падыходы да іх апісання ў школьных, ВНУ, экскурсійных праграмах". Можна ўявіць, якая ў выніку будзе створана "база нацгерояў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.