Кіраўнік УЕФА расказаў пра стаўленне да беларускага чэмпіянату падчас пандэміі
УЕФА не давала ніякіх рэкамендацыяў краінам наконт правядзення або спынення футбольных чэмпіянатаў падчас пандэміі каранавіруса. Пра гэта кіраўнік УЕФА Аляксандар Чэферын расказаў у інтэрв'ю TUT.by.
Як вядома, падчас распаўсюду COVID-19 наша краіна была адзінай у рэгіёне, якая не спыніла футбольныя спаборніцтвы.
"На гэты конт з боку УЕФА не давалася ніякіх афіцыйных рэкамендацый. Але наша пазіцыя па гэтым пытанні была вельмі зразумелай — здароўе і бяспека ўсіх футбалістаў і іншых удзельнікаў гульні павінны быць нашым галоўным прыярытэтам.
Як вы ведаеце, УЕФА цалкам выконвае прынцып аўтаномнасці сваіх асацыяцый-чальцоў і не можа ўмешвацца ў сферу іх юрысдыкцыі. Гэта было сумеснае рашэнне федэрацыі футбола Беларусі і дзяржаўных уладаў, і мы яго паважаем", — патлумачыў Чэферын.
Наконт плэй-оф Еўра-2020 (Беларусь у ім сустракаецца са зборнай Грузіі) кіраўнік УЕФА паведаміў, што выканкам арганізацыі зможа прыняць пастанову наконт тэрмінаў правядзення на сваім наступным пасяджэнні 17 чэрвеня.
Згадаў Чэферын і пра сваю асабістую сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам год таму. Раскрываць нейкія дэталі сустрэчы ён адмовіўся — маўляў, яна была прыватнай. "Больш я не магу нічога дадаць, за выключэннем таго, што гэта была прыемная і цікавая сустрэча. Мы казалі пра шматлікія рэчы, і я быў прыемна здзіўлены, як шмат часу прэзідэнт Лукашэнка надае футболу і спорту ў цэлым", — дадаў кіраўнік УЕФА.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.