Кітайскія ракеты і беларускі “Вялікі брат”: самае цікавае на MILEX-2019

Кітайскія ракеты і беларускі “Вялікі брат”: самае цікавае на MILEX-2019

Адна з буйнейшых ваенных выстаў Усходняй Еўропы MILEX-2019 пачала сваю працу 16 траўня на канькабежным стадыёне “Мінск-Арэны”. MILEX-2019 займае 18 000 квадратных метраў, на выставе больш за сотню навінак — ад ружжаў супраць дронаў і комплексных баявых ракетных сістэм да сістэм назірання за грамадзянамі.

Карэспандэнт Еўрарадыё сабраў для вас усё самае цікавае, што можна пабачыць на сёлетнім “Мілексе”.

Беларускі аўтамат, пабудаваны па прынцыпе bullpup

На выставе прэзентавалі новую для Беларусі вытворчасць стралковай зброі і куль. На экспазіцыі ёсць як копіі паляўнічай зброі на базе вайсковых мадэлей, так і ўласныя напрацоўкі. Напрыклад, новы аўтамат, пабудаваны па прынцыпе bullpup, калі магазін вінтоўкі знаходзіцца па-за курком, фактычна ў прыкладзе.

 

Дроны і беспілотнікі: разведвальныя і баявыя

Адной з галоўных тэм выставы сталі беларускія дроны і беспілотнікі: ад невялічкіх разведвальных дронаў да паўнавартасных авіяцыйных баявых машын. Некаторыя выглядаюць падобнымі да звычайных “грамадзянскіх” квадракоптараў, іншыя ж —  сучасныя вынішчальнікі ў мініяцюрным выкананні. Усяго на выставе можна налічыць ледзь не палову сотні розных мадэлей. Планавалася паказаць нават першы беларускі дрон-камікадзэ, але цікавы экспанат так і не з’явіўся на стэндах.

Супрацьдронная пушка

Для барацьбы з новым тыпам авіяцыі беларускія ваенныя канструктары стварылі спецыяльную электрамагнітную пушку, якае выглядае надзвычай футурыстычна. Мадэль “Гроза Р2” дазваляе дэзарыентаваць паветраную машыну, заглушыць канал кіравання дронам і каналы навігацыі па GPS і ГЛОНАСС. У выніку дрон можа зляцець “дадому”, выканаць вымушаную пасадку ці ўвогуле некантралюема ўпасці. Пушка можа дэзарыентаваць дрон на адлегласці да 5 кіламетраў, а заглушыць канал кіравання — на 2 кіламетрах ад “стралка”. Акрамя гэтага, новыя беларускія сістэмы могуць за лічаныя секунды знайсці таго, хто кіруе беспілотнікам.

Беларускае “ТРИО” супраць ваенных дронаў

А вось ваенным беспілотнікам будзе супрацьстаяць новы комплекс зенітна-ракетнай абароны пад назвай “ТРИО”. У склад комплексу ўваходзіць рухомы пункт кіравання са сродкамі разведкі, баявая машына “Стрела-10”, зенітка “Шилка” і рабатызаваны кулямёт “Берсерк”.

Сучасныя РЛС, новыя “Букі” і машына для зачысткі мітынгаў “Рубеж”

Больш вялікая частка экспазіцыі была размешчаная на пляцоўцы каля “Мінск-Арэны”. Тут можна заўважыць некалькі дзясяткаў відаў новай і мадэрнізаванай тэхнікі. Ад трэніровачнага дрона і баггі да сучасных радыёлакацыйных сістэм і “Букаў”. Дарэчы, апошнія надзвычай мадэрнізаваныя. Ад старой савецкай машыны амаль нічога не засталося. Ва ўсялякім выпадку так распавёў журналістам кіраўнік Дзяржкамваенпраму Раман Галоўчанка:

“Ад старога савецкага “Бука” тут амаль нічога не засталося. Гэта тое ж самае, як параўноваць машыны. Першы аўтамабіль зрабіў Бэнц яшчэ напрыканцы 19-га стагоддзя. Зараз сучасныя “мерседэсы” таксама маюць прыстаўку “Бэнц” у сваёй назве, але ж гэта не азначае, што ўсё засталося так жа”.

Кітайскія ракеты і беларускі “Вялікі брат”: самае цікавае на MILEX-2019

Вулічная экспазіцыя бясплатная. Паглядзець на сучасныя баявыя машыны, сістэмы разведкі і кіравання баявымі дзеяннямі і нават на машыну АМАПу з сістэмай “Рубеж”, якая была распрацаваная для барацьбы з вулічнымі беспарадкамі, можа кожны жадаючы.
 

Кітайскія ракеты і беларускі “Вялікі брат”: самае цікавае на MILEX-2019

Кітайскія канкурэнты беларусаў прывезлі ракеты і беспілотнікі

Вялікі стэнд размясцілі прадстаўнікі Кітая: ракеты кітайскага вытворчасці, некалькі мадэлей беспілотнікаў, сучасныя сістэмы кіравання боем. Шматлікія прадстаўнікі Паднябеснай актыўна кантактавалі з беларускімі вайскоўцамі і адразу пачыналі перамовы.

Тэрмабарычныя гранаты і ЗРК у мініяцюры з Расіі

Прыкладна пятую частку плошчы залі займаюць прадстаўнікі Расіі — гэта вядомыя канцэрны “Алмаз-Антей”, “Техмаш” і іншыя. Яны прывезлі вялікую колькасць сучасных распрацовак: ад тэрмабарычных гранат да ракетных комплексаў, на якія можна паглядзець у мініяцюры.

“Вялікі брат” па-беларуску

Частка экспазіцыі была прысвечаная інфармацыйнай бяспецы. Беларуская кампанія Kipod прадставіла сістэму бяспекі, якая з дапамогай усталяваных вулічных камер відэаназірання дазваляе адсочваць неабходных людзей у рэжыме рэальнага часу, распазнаваць мадэлі паводзінаў, падлічваць і выяўляць дакладную колькасць людзей у натоўпе. Таксама сістэма дазволіць адсочваць машыны праз камеры не толькі па нумарах, але нават па тыпах кузава і колеры. Мяркуецца, што ў Беларусі сістэма паўнавартасна запрацуе цягам трох бліжэйшых гадоў. Распрацоўкай ужо зацікавіліся сілавікі цэлага шэрагу краін.

Цікава паглядзець і на беларускія “глушылкі” (прыборы для знаходжання схаваных праслушак і камер у памяшканні) і шпіёнскія тэлефоны, якія знешне ніяк не адрозніваюцца ад звычайных кнопачных “званілак”.

Вялікі інтарэс выклікала экспазіцыя БелОМА, што вырабляе оптыку, — ад простых каліматарных прыцэлаў да паўнавартасных аптычных сістэм для бронетэхнікі.

 

Выставу MILEX-2019 наведваюць 59 дэлегацый з 35 краін. Сярод іх ёсць і прадстаўнікі такіх экзатычных для Беларусі дзяржаў, як Зімбабвэ, Лаос і Эрытрэя. Вялікая дэлегацыя прыехала з Венесуэлы. Таксама шмат прадстаўнікоў арабскіх краін, напрыклад ААЭ.

Выстава працуе да 19 траўня. Уваход каштуе 10 рублёў.

Кітайскія ракеты і беларускі “Вялікі брат”: самае цікавае на MILEX-2019

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі