Колькі будзе каштаваць беларусам хуткасная электрычка ў аэрапорт?
Аэрапорт
У верасні 2024 года можа пачацца будаўніцтва чыгункі ў Нацыянальны аэрапорт Мінск. Як мяркуецца, на гэта пойдзе 4 гады і каля 262 млн долараў, піша "Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі".
Чыгуначнікі спасылаюцца на закрытыя справаздачы Беларускай чыгункі ўраду, якія трапілі ў іх распараджэнне.
"Усе добра разумеюць, што гэтая лічба ў выніку гарантавана вырасце ў 2-3 разы. З досведу і практыкі можна ацаніць і выдаткі на праектаванне — гэта яшчэ мінімум траціна ад кошту праекта. Значыць, з пэўнай упэўненасцю можна сцвярджаць: беларусам гэтая "хуткасная электрычка ў аэрапорт" абыдзецца ў 600-900 млн долараў", — кажуць у "Супольнасці чыгуначнікаў".
Праект прапануецца рэалізоўваць за кошт бюджэтных сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, у тым ліку бюджэту Мінска і Мінскай вобласці.
Чыгуначнікі дадаюць, што для запуску хуткаснай электрычкі ў аэрапорт патрэбны будзе і новы рухомы састаў. Але ў справаздачы гэтае пытанне абыходзяць бокам, кошт не агучваецца.
Зрэшты, аўтары матэрыялу адзначаюць, што ў канцы мінулага года Мінтранс заяўляў пра неабходнасць купіць тры электрацягнікі прыкладна за 56 млн долараў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.