Колькі электрычнасці траціць Мінск на святочную ілюмінацыю

Колькі электрычнасці траціць Мінск на святочную ілюмінацыю

На калядную ілюмінацыю ў ЗША траціцца больш электрычнасці, чым некаторыя краіны расходуюць за ўвесь год, паведамляюць даследчыкі Цэнтра глабальнага развіцця.

На святочныя агеньчыкі ў амерыканцаў ідзе 6 млрд кілават-гадзінаў — столькі за год выкарыстоўвае, напрыклад, Эфіопія, Танзанія або Сальвадор, адзначае ВВС.

Колькі электрычнасці траціць Мінск на святочную ілюмінацыю
Ілюмінацыя каля цэнтра Ракфелера. Нью-Ёрк. Фота: Getty Images\Stan Honda

У Беларусі такога даследавання не праводзілася. Але прадстаўнік вытворчага аддзела сталічнага УП “Мінгарсвятло” Уладлен Ухін кажа, што святочная ілюмінацыя спажывае зусім мала энергіі.

“Мы ж іх уключаем не на ўсю ноч, а з моманту знешняга асвятлення і да 23 гадзінаў, а потым з 6 гадзіны раніцы да моманту выключэння асвятлення. Усё дзеля эканоміі. І калі магутнасць знешняга асвятлення 18 тысяч кВт, уся святочная ілюмінацыя спажывае усяго 860 кВт”, — распавядае спецыяліст.

Па нашых падліках, за час святаў агулам атрымаецца каля 200 тысяч кВт-гадзінаў. Па тарыфе, па якім мы плацім за святло ў кватэрах (990 рублёў за кілават), выйдзе 198 мільёнаў, або 10 тысяч 700 долараў.

Колькі электрычнасці траціць Мінск на святочную ілюмінацыю
Ілюмінацыя на Кастрычніцкай плошчы. Мінск. Фота: by24.org/Раман Пратасевіч

“Знешняе асвятленне горада спажывае крыху меней за 1% электраэнергіі, якая расходуецца сумарна ўсімі прадпрыемствамі ў горадзе. То бок, уявіце, калі агульнае спажыванне — гэта 1%, а ілюмінацыя — гэта 20-я частка ад гэтага, то і па магутнасці, і па грашах атрымліваецца не надта затратна”, — тлумачыць Уладлен Ухін.

Прадстаўнік аддзела “Гарсвятла” Георгій Таболін, які займаецца святочнай ілюмінацыяй, дадае, што цалкам усё каляднае асвятленне ўключаць увечары 24 снежня. У Мінску запаляць каля 130 тысяч святлодыёдных лямпачак.

“Уведзеныя новыя ўчасткі: Камароўскі рынак, Лошыцкі парк, зменены дызайн ялінак. З кожным годам мы павялічваем колькасць ілюмінацыі”, — адзначае спецыяліст.

Акрамя гэтага, сёлета ў сталіцы ўпрыгожылі на дзве навагоднія ёлкі больш. Цяпер іх 15.

24 снежня святочная ілюмінацыя будзе працаваць усю ноч, да 9 гадзінаў раніцы, гэтак жа і ў навагоднюю ноч, на праваслаўнае Раство і стары новы год. У астатнія дні калядныя агеньчыкі будуць радаваць сталічных жыхароў да 23 гадзінаў вечара. Дэмантаж ілюмінацыі пачнецца пасля 14 студзеня.

Галоўнае фота: onliner.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі