Коратка і самае галоўнае: За што судзілі Япрынцавых

Коратка і самае галоўнае: За што судзілі Япрынцавых

Вядомы бізнесмен Уладзімір Япрынцаў аштрафаваны на 10500 дэнамінаваных рублёў (500 базавых) і вызвалены з залы суда. Яго сын Казбек разам са сваім партнёрам Аляксандрам Арабянам прыгавораныя да васьмі гадоў калоніі кожны і канфіскацыі маёмасці. Адпаведнае рашэнне 23 жніўня прыняў суд Цэнтральнага раёна Мінска.

Хто такія Япрынцавы?

Уладзімір Япрынцаў — былы намеснік генеральнага дырэктара кампаніі "Трайпл" Юрыя Чыжа. Казбек Япрынцаў — яго сын. А паколькі "Трайпл" — адна з самых буйных беларускіх кампаній з інтарэсамі ў такіх сур'ёзных галінах, як нафтаперапрацоўка і будаўніцтва, то Уладзімір Япрынцаў, адпаведна, — адзін з самых уплывовых людзей у беларускім бізнесе. Прынамсі, быў такім год таму. З цікавостак: менавіта Япрынцаў-старэйшы займаўся спробамі прадаць будынак гатэля "Кемпінскі" (калі яго яшчэ можна так называць).

Сын Уладзіміра Япрынцава Казбек (яму ўсяго 33 гады) — таксама не апошні ў Беларусі бізнесовец. Ён кіруе кампаніяй Edena Investments, якая заключала дамовы на пастаўкі беларускага паліва за мяжу. На судзе таксама гучала інфармацыя, што Япрынцаў-малодшы мае дачыненне да афшорных кампаній, праз якія "Трайпл" гандляваў нафтапрадуктамі пасля ўвядзення санкцый.

 

Па якім артыкуле іх судзілі?

Уладзімір Япрынцаў і яго сын Казбек абвінавачваліся па частцы 4 артыкула 209 Крымінальнага кодэкса. Гэта махлярства, здзейсненае арганізаванай групай альбо ў асабліва буйным памеры. Санкцыя па дадзеным артыкуле прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Пазней у судзе артыкул "Махлярства", па якім абвінавачвалі Уладзіміра Япрынцава, перакваліфікавалі на частку 1 артыкула 405 — "Укрывальніцтва злачынстваў". Пракурор папрасіў пакараць абвінавачанага не рэальным тэрмінам, а штрафам у памеры 1000 базавых велічынь — 21 тысяча рублёў. Абвінавачванне для Казбека Япрынцава і яго партнёра Аляксандра Арабяна не змянялі. Пракурор папрасіў для іх 9 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

Коратка і самае галоўнае: За што судзілі Япрынцавых
На пярэднім плане Казбек Япрынцаў.

Чаму Уладзіміра Япрынцава судзілі разам з сынам?

Таму што ўся справа акурат закруцілася праз Япрынцава-малодшага. Яна заблытаная, аднак выглядае, што Казбек Япрынцаў заключаў дамовы на пастаўкі беларускага паліва ва Украіну, атрымліваў грошы, а паліва не пастаўляў. Пры гэтым гаворка ідзе пра вельмі сур'ёзныя аб'ёмы. Напрыклад, украінскай кампаніі Jaspen Capital Partners Япрынцаў-малодшы паабяцаў 2 тысячы тон дызельнага паліва і атрымаў 1,6 мільёна долараў. Але паліва ўкраінцы так і не ўбачылі.

Агулам, па звестках следства, Казбек Япрынцаў вінаваты на некалькі дзясяткаў мільёнаў долараў (гучала лічба ў 30 мільёнаў). Каб іх вярнуць, ён няўдала паспрабаваў зарабіць на форэксе і прагарэў яшчэ больш. У выніку Казбек звяртаецца да бацькі па дапамогу. Той пазычае грошы ў сяброў, у тым ліку ў кіраўніка Федэрацыі спартовай барацьбы Расіі Міхаіла Маміяшвілі.

 

Пры чым тут "Трайпл"?

Рэч не толькі ў тым, што Уладзімір Япрынцаў быў намеснікам генеральнага дырэктара "Трайпла". Япрынцаў-старэйшы браў пазыкі пад гарантыі сваёй долі ў кампаніі. І пасля яго арышту акцыі Япрынцава перайшлі да расіяніна Маміяшвілі. Які, дарэчы, нядаўна "праславіўся" ў сусветным маштабе. Пасля пройгрышу паядынку за трэцяе месца адна з расійскіх спартсменак абвінаваціла Маміяшвілі ў гвалце. Маўляў, ён двойчы ўдарыў яе ў твар за тое, што спартсменка не выйграла медаль. Маміяшвілі ў сваю чаргу заявіў, што ўсяго толькі "даў ёй аплявуху".

У дадатак "Трайпл" (трэба меркаваць, не без дазволу Япрынцава-старэйшага) выступаў гарантам дамоваў кампаніі Казбека Япрынцава. Атрымаўшы ў выніку моцны удар па рэпутацыі.

Коратка і самае галоўнае: За што судзілі Япрынцавых
Бізнес-партнёр Казбека Япрынцава Аляксандр Арабян.

Якое дачыненне мае да справы Юрый Чыж?

Самае непасрэднае. Магчыма, Уладзімір і Казбек Япрынцавы нават не трапілі б пад увагу органаў. Але ўладальнік "Трайпла" не ацаніў іх фінансавых манеўраў і сам напісаў заяву на Япрынцава-старэйшага ў КДБ. Што было потым — усім вядома. Чыж за кратамі ўжо амаль шэсць месяцаў. На судзе Юрый Чыж з'яўляўся ў якасці сведкі, і з гэтага атрымалася цэлая гісторыя. Некаторыя журналісты нават расказвалі, што бізнесмена хавалі ад іх з дапамогай уцёкаў праз вокны будынка суда. Калі адбудзецца суд над самім Чыжом, пакуль невядома.

 

Чаму такі розгалас і ўвага да працэсу?

Ну, бо судзяць зусім не абы-каго, і спіс пацярпелых з сумамі нанесенай шкоды ўражвае. Напрыклад, толькі ў вядомага ў мінулым беларускага лёгкаатлета Андрэя Міхневіча Япрынцаў-малодшы ўзяў 440 тысяч долараў, абяцаючы вярнуць з добрымі працэнтамі. У выніку не вярнуў нічога. Выступаючы сведкам на судзе, Міхневіч заявіў, што напісаць заяву ў КДБ на Япрынцава параіў яму асабіста Юрый Чыж.

І акурат з Чыжом звязаная яшчэ адна інтрыга гэтай справы. Самага ўплывовага некалі беларускага бізнесмена, які неаднаразова быў заўважаны ў кампаніі кіраўніка краіны, затрымалі праз 6 месяцаў пасля Япрынцавых. Супадзенне гэта альбо не, да канца так і не зразумела. Аднак цалкам магчыма, што "дапамагчы" следству ў справе Чыжа маглі акурат сын і бацька Япрынцавы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі