Краіны Балтыі і Польшча просяць пашырыць прысутнасць NATO на сваёй зямлі
Краіны Балтыі просяць нарасціць прысутнасць на сваёй тэрыторыі сіл NATO / АР
Краіны Балтыі і Польшча просяць пашырыць кантынгент NATO на сваёй тэрыторыі, піша Washington Post. У выдання аказалася сумесная заява Літвы, Латвіі і Эстоніі.
"Прамая ваенная агрэсія Расіі супраць саюзнікаў па NATO не можа быць выключаная", — гаворыцца ў дакуменце.
Генеральны сакратар МЗС Эстоніі Ёнатан Усеўеў нагадвае, што прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін верыць сваёй прапагандзе, таму памыліўся ва Украіне. Няма гарантыі, што ён не рызыкне паўтарыць такую ж памылку і з іншымі ўсходнееўрапейскімі краінамі — "пераканаць сябе, што ўварванне ў краіны Балтыі не выкліча сур'ёзнага адказу з боку астатняй часткі альянсу", кажа Усеўеў. Шанцаў, што Пуцін зробіць гэтую памылку, будзе менш, калі ён убачыць вайсковую сілу, гатовую даць адпор, мяркуе прадстаўнік Эстоніі.
У сувязі з гэтым балтыйскія краіны просяць размясціць дадаткова каля 20 тысяч вайскоўцаў NATO — прыкладна па 6 тысяч вайскоўцаў у кожнай краіне. Акрамя таго, Вільня, Рыга і Талін заклікаюць пашырыць магчымасці сіл супрацьпаветранай абароны. Яшчэ адна з прапаноў — замацаваць магчымасць адпраўкі дадатковых сіл альянсу ў выпадку крызісу. Нагадаем, да лютага ў краінах Балтыі пастаянна знаходзіліся каля дзвюх тысяч вайскоўцаў NATO.
Некалькі краін NATO пакуль крытычна выказваюцца пра гэты план. У прыватнасці, прадстаўнікі Францыі і Італіі кажуць, што трэба асцярожна ставяцца да новых буйных разгортванняў сіл, бо гэта абыдзецца дорага і адвядзе сілы з іншых рэгіёнаў.
Прапанову балтыйскіх краін разгледзяць у канцы чэрвеня на саміце лідараў альянсу ў Мадрыдзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.