Ладуцька прапаноўвае збанкрутаваць Мінскі мотавелазавод

Ладуцька прапаноўвае збанкрутаваць Мінскі мотавелазавод

Мінскі мотавелазавод прапануюць банкрутаваць. З такой прапановай выступіў дырэктар прадпрыемства, былы кіраўнік Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька, пішуць "Мінск-Навіны".

Ладуцька ўзначаліў прадпрыемства ўлетку 2015 года. На калісьці шматтысячным заводзе сёння працуе толькі каля 90 чалавек. Паведамляецца, што "на плыву" застаўся адзін зборачны цэх. Зношанасць энергасетак складае 100%.

Амаль усе абсталяванне распрададзенае папярэднім гаспадаром завода, а тое, што засталося, састарэла. За мінулую зіму ацяпленне на заводзе ўключалі толькі на адзін месяц, на большае не было грошай. Дах на прадпрыемстве працякае, і над некаторымі працоўнымі месцамі падвешаная фанера, каб дождж не ліў за каўнер.

Па словах Ладуцькі, ён звяртаўся на беларускія прадпрыемствы, каб даведацца, хто можа нядорага выпускаць камплектуючыя да вела- і мотатэхнікі. Пастаўшчыкоў не знайшлося.

Дырэктар лічыць, што ААТ "Мотавела" трэба правесці працэдуру банкруцтва. Тады ўся маёмасць і зямля пяройдуць у камунальную ўласнасць. Пасля гэтага на базе прадпрыемства можна будзе стварыць рэспубліканскі інавацыйны тэхнапарк або выстаўны цэнтр. Пару цэхаў Ладуцька пагаджаецца пакінуць для вытворчасці мотавелатэхнікі.

Другім варыянтам ён называе выкарыстанне недазагружаных прадпрыемстваў пад вытворчасць вела- і мотатэхнікі. На іх ёсць не толькі вольныя плошчы, але і пэўныя групы абсталявання. Застанецца толькі даўкамплектаваць вытворчасць сучаснай аснасткай. Але для гэтага, кажа Ладуцька, ТАА "Мотавелазавод" мусіць працаваць у сістэме Міністэрства прамысловасці.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі