Лазавік: У рэгістрацыі ініцыятыўнай групе Шульгана будзе адмоўлена

17 ліпеня — апошні дзень падачы дакументаў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп прэтэндэнтаў у прэзідэнты Беларусі. Панясе ў Цэнтрвыбаркам спісы сваёй групы і беспрацоўны Юрый Шульган, хоць і не мае ў пашпарце штампу аб месцы рэгістрацыі. Якія ў яго шансы зарэгістраваць сваю ініцыятыўную групу, цікавімся ў сакратара ЦВК Мікалая Лазавіка.

Еўрарадыё: Ці будуць прынятыя дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы чалавека, які не мае ў пашпарце штампу аб рэгістрацыі-прапісцы?

Лазавік: Зразумела, мы прымем гэтую заяву, але пры разглядзе яму будзе адмоўлена.

Еўрарадыё: Цягам некалькіх дзён прэтэндэнт недзе можа прапісацца і данесці адпаведны дакумент у Цэнтрвыбаркам. Што тады?

Лазавік: Я ведаю, пра каго вы кажаце! Не трэба ператвараць выбарчую кампанію ў балаган. Я разумею, што чалавек, якому няма чым заняцца, нарэшце знайшоў сабе нейкі занятак. Вырашыў крыху папіярыцца і стаць вядомым на ўсю краіну. Мяркую, піяру ўжо больш, чым дастаткова, яго ўжо ведаюць усе журналісты, усе СМІ фотаздымкі яго вывучылі. Таму скажам яму: “Дзякуй!”. Ён на пэўным этапе ўнёс пэўную “жывінку”, але з законам жартаваць у балаганным стылі я не рэкамендую. Ёсць нормы закона, да якіх неабходна ставіцца з павагай. Папіярыўся і трэба ўжо на гэтым супакоіцца. Пра яго даведалася ўся краіна, ён стаў героем і можа гэтым ганарыцца.

І ўсё ж Еўрарадыё вырашыла пракансультавацца ў юрыста і звярнулася ў юрыдычны аддзел Цэнтрвыбаркама да Галіны Мкртычан.

Еўрарадыё: Ці можа чалавек без штампу ад рэгістрацыі ў пашпарце прэтэндаваць на тое, каб стаць кандыдатам у прэзідэнты?

Мкртычан: Прэтэндаваць могуць усе. Але тут пытанне ў тым, як ён можа пацвердзіць пражыванне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь цягам 10 гадоў перад выбарамі? Якім дакументамі ён гэта пацвярджае ці дзе іх можна адшукаць? Відавочна, што калі чалавеку пашпарт выдалі, то недзе яго рэгіструюць.

Еўрарадыё: Значыцца, яму неабходна разам са спісамі сваёй ініцыятыўнай групы падаць афіцыйную паперу, дзе было б напісана, што, да прыкладу, ён цягам апошніх 15 гадоў быў прапісаны па такім вось адрасе?..

Мкртычан: …Так, і паказаць рашэнне суда, на падставе якога ён быў выпісаны, пазбаўлены жылплошчы па гэтым адрасе. Ну, і трэба дакумент, на падставе якога яму быў выданы пашпарт. Але выснову, ці можа чалавек пры такіх абставінах зарэгістраваць сваю ініцыятыўную групу, выносіць Цэнтральная камісія.

Еўрарадыё: Але сам факт таго, што ў чалавека адсутнічае штамп рэгістрацыі ў пашпарце можа стаць нагодай для адмовы яму ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы?

Мкртычан: Канешне не! Адсутнасць штампа аб рэгістрацыі не азначае таго, што ён нідзе не пражывае. Ён жа жывы, у рэшце рэшт, праўда, ён недзе жыве? Усе звесткі аб яго месцах пражывання павінны быць у дэпартаменце па грамадзянстве і міграцыі — іх можна прадаставіць. Але ацэнку ўсяму гэтаму і канчатковае рашэнне прымае Цэнтральная камісія.

Фота: Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі