Мікалая Лазавіка пахавалі на Паўночных могілках Мінска
7 лістапада ў Мінску развіталіся з былым сакратаром Цэнтрвыбаркаму Мікалаем Лазавіком. Ён памёр 5 лістапада на 66-м годзе жыцця.
Лазавік больш за 15 гадоў працаваў сакратаром Цэнтральнай выбарчай камісіі. У кастрычніку 2016 года чыноўнік пайшоў у адстаўку па стане здароўя.
Праводзіць яго ў апошні шлях сабраліся не толькі сваякі, але і высокапастаўленыя чыноўнікі, паведамляе тэлеканал СТВ.
У развітальным слове пра Лазавіка цёпла згадала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына:
Ярмошына: "Калі ён прыйшоў, я ніводнай хвіліны за гэтыя 16 гадоў не пашкадавала пра зробленую прапанову. Гэта былі не проста гады працы, а гады сяброўства. Ён не проста ўліўся ў калектыў, ён яго ствараў. Душой нашага калектыву быў менавіта Мікалай Іванавіч. І калі я была фармальным лідарам, то ён увасабляў нейкія агульначалавечыя, маральныя каштоўнасці".
Развітацца з сакратаром ЦВК прыйшлі таксама міністр інфармацыі Лілія Ананіч, намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Валерый Міцкевіч ды інш.
Пахавалі Мікалая Лазавіка на Паўночных могілках сталіцы.