Леанід Зайдэс патрабуе ад "Новага Часу" і Дзяніса Івашына 8000 рублёў
Бізнэсовец Леанід Зайдэс хоча адсудзіць у газеты "Новы час" і журналіста Дзяніса Івашына 8000 рублёў. Яго прэтэнзіі датычаць публікацыяў Івашына наконт будоўлі рэстарацыі "Поедем, поедим" побач з Нацыянальным некропалем у Курапатах, піша "Новы час".
Зайдэс заяўляе, што яго абразіла інфармацыя, змешчаная на сайце газеты 13 чэрвеня 2018 года. У ёй гаварылася: "Пазасталымі партнёрамі Аркадзя Ізраілевіча і Леаніда Зайдэса, датычнымі наўпрост да незаконнага будаўніцтва ў Курапатах, як было зазначана вышэй, з’яўляюцца кампаніі Lenthron Realty LLC i Bealcy Investments Ltd"
Таксама 19 ліпеня 2018 года на сайце выдання быў апублікаваны відэарэпартаж журналіста Івашына Дзяніса, у каментарах да якога газета "Новы Час" апублікавала наступныя звесткі пра Зайдэса: "Дзяніс Івашын распавёў, што ва Украіне супраць бізнэсоўцаў Зайдэса і Сурыса вядзецца крымінальная справа за траты…" Гэтую інфармацыю спадар Зайдэс назваў не адпаведнай рэчаіснасці.
Цяпер бізнэсовец патрабуе кампенсаваць шкоду дзелавой рэпутацыі — 5000 рублёў ад "Новага часу" і 3000 рублёў ад Дзяніса Івашына.
У сваю чаргу выданне пазначае, што матэрыял ад 19 ліпеня рабілі не журналісты выдання. "Крыніцы інфармацыі там пазначаныя: "Белсат", Радыё Свабода, Радыё Рацыя. Акрамя таго, мы, не ведаем, якім чынам мажлівая датычнасць спадара Зайдэса да фірм Lenthron Realty LLC i Bealcy Investments Ltd шкодзіць яго дзелавой рэпутацыі. А пытанне законнасці будаўніцтва рэстарацыі "Поедем, поедим" і задаваў Івашын у сваіх артыкулах", — гаворыцца ў матэрыяле "Новага часу".
Раней у суд на "Новы час" і Івашына падаваў Аркадзь Ізраілевіч і прайграў.