Ліцэй БДУ пазбавілі "прывілеяў" пры правядзенні ўступнай кампаніі
Ліцэй БДУ / old.gsu.by
Ліцэй БДУ больш не зможа праводзіць уступныя экзамены раней за астатніх. Зараз для ўсіх ліцэяў устаноўлены аднолькавыя тэрміны правядзення выпрабаванняў. Гэта вынікае з пастанова Міністэрства адукацыі ад 9 лістапада 2021 года № 243, сцвярджае dev.by.
Дакумент быў апублікаваны 7 снежня, але застаўся незаўважаным.
Згодна з дакументам, экзамены ва ўсе ліцэі зараз будуць праходзіць у адны і тыя ж тэрміны — з 16 чэрвеня па 1 ліпеня. Раней іх праводзілі з 16 да 21 чэрвеня, а Ліцэй БДУ мог праводзіць іспыты раней, з 10 да 31 траўня.
Акрамя таго, з гэтага часу экзамены будуць праходзіць толькі ў пісьмовай форме. Раней дапускалася і вусная.
Яшчэ адно новаўвядзенне тычыцца уласна заданняў і крытэрыяў ацэнкі. Цяпер іх будзе распрацоўваць Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў (РІКВ). Раней гэтым займаліся аддзелы адукацыі аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама, а ў выпадку Ліцэя БДУ — спецыялісты ўніверсітэта.
З'явілася і новае патрабаванне. Прыёмныя камісіі ліцэяў павінны будуць сканаваць экзаменацыйныя работы прэтэндэнтаў і перадаць іх у РІКВ на захоўванне. Прычым зрабіць гэта трэба будзе да праверкі работ.
Ліцэям пакінулі права арганізоўваць дадатковы прыём. Ён пройдзе 11-17 жніўня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.