Лідар "Дай Дарогу!" Юрый Стыльскі прэзентуе серыю карцін у стылі ню
18 карцін музыкі аб'яднаныя назвай "Сэрцабіцце. Дадатковыя факты" і адзіным фарматам — паўтара на два метры.
"Першая карціна, якую я намаляваў, была "Юля з гітарай". І я падумаў, дык гэта ж прыкольна — памаляваць зараз. Ну, і гляджу, што часу вольнага ў мяне вагон, і што лепш гэты час прысвяціць падобнай справе, якая да таго ж з мяне льецца, чым проста прасядзець у "Вконтакте" ці пралазіць туды-сюды па Савецкай. А вечарам падумаць, што дзень прайшоў неяк пуставата", — тлумачыць Юра свой імпэт.
Стыльскі малюе з дзяцінства. Спачатку — у школьных сшытках, потым пераходзіць да юнацкіх плакатаў з сюжэтамі з любімых фільмаў. Ды і цяпер кожны тэкст песні "Дай Дарогу!" музыка заканчвае ілюстрацыяй, "як у вясёлых сучасных кніжках".
"Маляваў сябровак, — распавядае Юра пра герояў сваёй выставы. Дарэчы, Стыльскі спачатку фатаграфаваў натуршчыц, а потым пераносіў выяву на палатно. — Што можа быць прыгажэй аголенага жаночага цела? Жадаючых папазіраваць апынулася не мала. Таму пасля першай працы я вырашыў, што трэба ў такім жа рэчышчы "страчыць" астатнія. Дзяўчатам распавядаў, як гэта будзе выглядаць, тлумачыў, што гэта не фотаздымак, і што ў такім фармаце яны застануцца навекі".
"Лёд и кипяток"
Першыя карціны "Сэрцабіцця" Стыльскі маляваў акрылам. Але потым нехта з мастакоў параіў Юру паспрабаваць алей, маўляў, крутыя мастакі выбіраюць алей:
"Хацеў спачатку больш халатна паставіцца да справы. Падумаў: “Ай, што там маляваць — вялікія палотны. Узяў, супаставіў, там размазаў”… А ў выніку, калі пагрузіўся ў гэта, захацелася ўсё ж пастарацца, і выйшла, што карціны атрымаліся ў мяне даволі стараннымі, як мне падаецца. Мне хацелася ўсё ж маляваць у такім брудным стылі, а цяпер бачу, што яны занадта ўжо вылізаныя. Магчыма, з часам я прыйду да экспрэсіі, а пакуль як ёсць”.
"Прошу посадки!"
Юрый лічыць, што яго “сяброўкам” будзе цесна ў сценах “кватэр, у якіх мы ўсе з вамі жывем”. Ім патрэбнае паветра. Таму музыка шукае магчымасць паказаць свае творы як мага большай колькасці людзей і выставіць працы ў Мінску. Як толькі знойдзецца галерэя, якая адкрые дзверы для яго карцін, Стыльскі возьме мастацкую паўзу і вернецца да напісання песень для “Дай Дарогу!”.
“Мае песні крыху жорсткія, — рэзюмуе Юра. – А ў гэтых карцінах паказаны мой светлы бок”.
У бліжэйшы час 5 карцін Стыльскага будуць прэзентаваныя ў межах выставы маладых мастакоў Брэстчыны “Сёння — гэта мы”, якая адкрыецца ў Выставачнай зале Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра 31 студзеня. Набыць карціны можна непасрэдна ў музыкі.
"Снежная королева"
"Лёгкое па"
"Есть о чём подумать"
"Восемь"
"Богиня"
"Утомлённая любовью"
"Первый месяц"
"Слепой сон"
"Чистый разум"
"Танец с тенью"
"Розовая мечта"
"Возбуждение"
"Только с Фендером"
"Сладкие апельсины"