Лідар гурта Vuraj Сяржук Доўгушаў з’язджае з Беларусі
Лідар гурта Vuraj і арганізатар "Спеўных сходаў" Сяржук Доўгушаў з'язджае з Беларусі, піша nn.by.
Амаль да канца лета 2018 года музыка будзе жыць у Варшаве, а потым, магчыма, пераедзе у ЗША. Доўгушаў кажа, што даўно хаце рэалізаваць сябе па-за межамі Беларусі, бо не мае дзяржаўнай падтрымкі для культурных праектаў.
"Хочацца новых стасункаў і сувязяў. Абвастрыла жаданне змяніць месца прапіскі няпростае фінансавае становішча: знаходзіць грошы для арганізацыі мерапрыемстваў усё складаней", — патлумачыў музыка.
Ён падаў заяўку на стыпендыю Міністэрства культуры Польшчы "Gaude Polonia" і на днях выйграў яе. У Польшчы Доўгушаў працягне папулярызаваць беларускую музыку і традыцыі. Толькі цяпер многія мерапрыемствы будуць рабіцца разам з палякамі.
Музыка запэўнівае, што з яго праектамі — "Спеўным сходам" і гуртом Vuraj — не будзе нічога страшнага. "Па-першае, шмат спеўных сходаў будзе праводзіцца непасрэдна ў Польшчы для беларусаў, якія там жывуць. Па-другое, у Беларусі ўжо сфармавалася незалежная каманда, якая працягне арганізатарскую дзейнасць і без мяне. Ды я і сам буду прыязджаць на імпрэзы раз на месяц: усё ж Варшава — гэта не такі далёкі свет. Што тычыцца Vuraj, то, спадзяюся, атрымаецца запрасіць калектыў на месяц у Варшаву, каб на якасным узроўні запісаць там новы альбом", — падзяліўся Доўгушаў сваімі планамі.
Таксама ён хоча стварыць "Спеўнаму сходу" сайт, каб людзі мелі магчымасць заходзіць туды і самастойна запісваць фанаграмы, знаходзіць народныя песні.
Дарэчы, на радзіме ў Доўгушава застаецца дзяўчына: паехаць разам з ім у Варшаву яна не зможа, бо пакуль тут вучыцца.