Наступствы землятрусу ў Турцыі і Сірыі: больш за 28 тысяч ахвяраў
Наступствы землятрусу / EPA-EFE/REX/SHUTTERSTOCK
Лік загінулых у выніку землятрусу ў Турцыі і Сірыі перавысіў 28 тыс. чалавек. На дапамогу пацярпелым адправіліся ратаваннікі і валанцёры з больш чым ста краін свету, піша ВВС.
Надзеі знайсці пад заваламі выжылых застаецца ўсё менш. Але часам сусветныя медыя абыходзяць гісторыі сапраўдных цудаў. Так, у суботу ратаваннікі знайшлі пад заваламі выжылую сям'ю з пяці чалавек. Яны правялі пад адломкамі сваёй разбуранай хаты пяць дзён, цытуе ВВС агенцтва АР.
Таксама атрымалася выратаваць сямігадовую дзяўчынку, якая правяла пад заваламі 132 гадзіны. А крыху раней свет абляцелі кадры выратавання нованароджанага дзіцяці. Калі дзяўчынку нашлі, яна ўсё яшчэ была звязаная пупавінай з маці.
Аднак у асобных месцах ратавальныя групы змушаны былі прыпыніць працу з-за пагроз уласнай бяспекі. Па меры заканчэння запасаў харчу і вады, узмацняюцца сутыкненні паміж злачыннымі групоўкамі, і гэта замінае ратаваннікам рабіць сваю працу. Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган абвясціў надзвычайнае становішча, каб у дзяржавы была магчымасць кантраляваць злачынцаў, датычных да марадзёрства і выкраданняў людзей.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.