Лінкявічус — Макею: Літва дапаможа Беларусі ў барацьбе з пандэміяй COVID-19

Лінкявічус — Макею: Літва дапаможа Беларусі ў барацьбе з пандэміяй COVID-19

4 чэрвеня міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус у тэлефоннай размове павіншаваў беларускага калегу Уладзіміра Макея з працягам працы ў новым урадзе.

"Я апавясціў міністра аб прынятым урадам Літвы рашэнні пра аказанне гуманітарнай дапамогі Беларусі ў барацьбе з пандэміяй і яшчэ раз заклікаў рэалізаваць рэкамендацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя", — перадае прэс-служба МЗС Літвы словы Лінкявічуса. 

У Літве, у адрозненне ад Беларусі, быў уведзены жорсткі каранцін падчас COVID-19. Цяпер у суткі там фіксуюць толькі па некалькі новых выпадкаў захворвання. 

Таксама кіраўнік літоўскай дыпламатыі заклікаў працягваць дыялог па палітычных і эканамічных пытаннях і нагадаў пра балючую для Літвы тэму — Беларускую АЭС. Ён нагадаў Макею, што Беларусь абяцала Еўракамісіі рэалізаваць рэкамендацыі міжнародных экспертаў да пачатку працы АЭС.

Літва — самы актыўны праціўнік Беларускай АЭС, размешчанай недалёка ад мяжы. Запуск БелАЭС запланаваны на лета 2020 года. 

Акрамя таго, літоўскі міністр падкрэсліў, што яго краіна зацікаўленая ў незалежнай і дэмакратычнай Беларусі. Афіцыйная Вільня дапаможа Мінску дыверсіфікаваць пастаўкі энерганосьбітаў. Чакаецца, што на гэтым тыдні ў Клайпедскі порт прыбудзе амерыканскі танкер з нафтай для Беларусі. 

Гаворачы пра будучыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі, Лінкявічус выказаў надзею, што яны пройдуць з захаваннем міжнародных стандартаў, што будуць створаныя роўныя ўмовы для ўсіх кандыдатаў, а таксама для самавыяўлення грамадзянскай супольнасці.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі