Логвінаву дазволілі выплаціць штраф у растэрміноўку на два месяцы
Кнігавыдаўцу далі растэрміноўку па рашэнні суда аб канфіскацыі 960 мільёнаў рублёў і штрафа ў 5,4 мільёна рублёў.
Кнігавыдаўцу Ігару Логвінаву далі растэрміноўку на два месяцы па выплаце штрафа ў 960 мільёнаў рублёў. Такое рашэнне прыняў Эканамічны суд Мінска, паседжанне якога адбылося 16 сакавіка.
У інтэрв’ю БелаПАН прадпрымальнік удакладніў, што на сёння яму ўдалося сабраць 58 тысяч долараў з патрэбных 64 тысяч. За час, які застаўся да поўнай выплаты доўга, атрымаецца сабраць рэшту грошай, мяркуе Логвінаў.
9 студзеня эканамічны суд Мінска пастанавіў аштрафаваць выдавецтва “Логвінаў” на 30 базавых велічыняў (5,4 мільёна рублёў) за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць, а таксама канфіскаваць прыбытак, атрыманы гэтай юрыдычнай асобай за 2014 год — гэта 960 мільёнаў рублёў. Прадпрыемства вымушана працавала без рэгістрацыі ў рэестры распаўсюднікаў інфармацыі, бо Мінінфарм неаднаразова адмаўляў яму ў рэгістрацыі.
Каля тысячы чалавек з Беларусі і іншых краін ахвяравалі грошы выдавецтву. Творчая супольнасць таксама зладзіла шэраг дабрачынных імпрэзаў.