Лукашэнка будзе на матчы ХК "Дынама-Мінск", гульцам якога абяцаў заробкі па $500
Аляксандр Лукашэнка ўвечары 26 лютага будзе прысутнічаць на таварыскім матчы ХК "Дынама-Мінск" і зборнай клубаў экстралігі, інфармуе "Dinamo Minsk / Fan Zone". Ён пройдзе на "Мінск-Арэне", пачатак у 19:30. Гульню пакажуць у жывым эфіры на тэлеканале "Беларусь 5".
Федэрацыя хакею анансавала серыю таварыскіх матчаў "Дынама" і зборнай клубаў у суботу пасля жорсткай крытыкі мінскіх дынамаўцаў, якую выказаў Аляксандр Лукашэнка. "Мы мільёны долараў растрацілі, і дзе яны зараз? — гаварыў ён у пятніцу ў Вайсковай акадэміі. — "Беларуськалій" спыніў іх фінансаваць і правільна зрабіў — будуць банкрутамі. За што плаціць? Выйгралі — усё разлічваем, аддаём. Прайгралі — 500 долараў".
Федэрацыя заявіла, што "спартыўны вынік матчаў будзе мець высокае значэнне". Магчыма, ён паўплывае на склад кіраўніцтва мінскага "Дынама" ў новым сезоне. Не выключана, што менавіта Лукашэнка быў ініцыятарам серыі. Паводле афіцыйнай версіі, падчас таварыскіх матчаў будуць праглядацца кандыдаты ў зборную Беларусі.
Разам з бацькам на "Мінск-Арэну" прыехаў Мікалай Лукашэнка.