Лукашэнка і Шуневіч абмеркавалі сітуацыю ў ХК "Дынама-Мінск"
28 лютага Аляксандр Лукашэнка і Ігар Шуневіч абмеркавалі сітуацыю ў хакейным клубе "Дынама-Мінск" і ў таварыстве "Дынама", інфармуе прэс-служба кіраўніка дзяржавы. "Трэба абмеркаваць і гэтыя пытанні", — сказаў Лукашэнка. На жаль, падрабязнасці абмеркавання гэтай тэмы пакуль невядомыя. Зусім магчыма, што Аляксандр Лукашэнка пракаментуе сітуацыю ў "Дынама" у пятніцу падчас "вялікай размовы".
Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч з'яўляецца старшынёй назіральнага савета ХК "Дынама-Мінск". У сезоне 2018/2019 гадоў каманда выступіла ў чэмпіянаце КХЛ няўдала, датэрмінова спыніла барацьбу за патрапленне ў плэй-оф.
Нядаўна Лукашэнка абрынуўся з крытыкай на дынамаўцаў: "Мы мільёны долараў растрацілі, і дзе яны зараз? "Беларуськалій" спыніў іх фінансаваць і правільна зрабіў — будуць банкрутамі. За што плаціць? Выйгралі — усё разлічваем, аддаём. Прайгралі — 500 долараў".
Пасля гэтага было аб'яўлена пра правядзенне серыі таварыскіх паядынкаў да двух перамог паміж "Дынама" (галоўны трэнер — Андрэй Сідарэнка) і зборнай клубаў экстралігі (галоўны трэнер — Міхаіл Захараў). Першы матч Захараў выйграў з лікам 4:2, другі пройдзе 28 лютага.
Дарэчы, па інфармацыі сайта championat.com, у апошнім сезоне заробкавы бюджэт мінскага "Дынама" скараціўся на 4 мільёны долараў — да $7 млн. Але гэта неафіцыйная інфармацыя.