Лукашэнка хоча пабудаваць "музей гісторыі Беларусі"
Дапамога кітайцаў спатрэбілася "асабліва пры планаванні архітэктуры"
Аляксандр Лукашэнка плануе пабудаваць "музей гісторыі Беларусі". І чамусьці хоча, каб будынак быў "падобны на кітайскі". Пра гэта ён заявіў у аўторак на сустрэчы ў Мінску з сакратаром партыйнага камітэта Пекінскага універсітэта Хао Пінам.
Прапаганда падкрэслівае, што "Лукашэнка прапануе Кітаю пабудаваць у Мінску новы знакавы аб'ект". І ўжо ў гэтай справе пачалося супрацоўніцтва з кітайскімі спецыялістамі. Беларусам патрэбна дапамога "асабліва пры планаванні архітэктуры".
"Гэта будзе зусім побач, — казаў Аляксандр Лукашэнка ў Палацы Незалежнасці. — Ён упрыгожыць наш Мінск".
На сённяшні дзень дзейнічае Нацыянальны гістарычны музей Беларусі, які займае будынак на вуліцы Карла Маркса ў Мінску. Ён замалы для яго фондаў. У пачатку лета стала вядома, што сталічныя ўлады разглядалі варыянт яго размяшчэння ў адрэстаўраваным Пішчалаўскім замку (былым мінскім СІЗА № 1 на Валадарскага). Альбо ад такога варыянту адмовіліся, альбо Лукашэнка хоча стварыць нейкі новы музей.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.