Лукашэнка: Мы сябруем з суседзямі, але ні кавалка сваёй зямлі не аддамо
Аляксандр Лукашэнка бачыць пазітыў у адносінах Беларусі з Захадам. Пра гэта ён заявіў падчас адкрыцця новага ўчастка другой Мінскай кальцавой аўтадарогі. Кіраўнік краіны бачыць пазітыў у тым, што падчас візіту ў ЗША ён змог сустрэцца з лідарамі іншых дзяржаў, а міністр замежных спраў правёў перамовы з шэрагам службовых асобаў.
“Мы бачым пазітыў у гэтым, — адзначыў Лукашэнка. — Але зноў жа, некага там, на Усходзе, яшчэ недзе непакоіць, што вось, беларусы там ледзь не нейкі паварот са сваёй знешняй палітыкай здзяйсняюць. Ды ніякага павароту, развароту мы не здзяйсняем. У нас ёсць дзяржава, нашы інтарэсы толькі тут: ні ў Сірыі, ні ў Іране — нідзе няма нашых інтарэсаў. Мы ні на што не прэтэндуем і просім шанаваць наш выбар”.
Лукашэнка адзначыў, што для паляпшэння адносінаў з Захадам патрэбен быў нейкі штуршок.
“І вось мяне крытыкуюць або са шкадаваннем гавораць, што Лукашэнку дапамог крызіс ва Украіне і г.д. Ён мне не дапамог. Гэта для мяне боль, як і для многіх украінцаў, і для тых людзей, у якіх там жывуць сваякі. Але ўкраінскі крызіс паказаў, наколькі крохкі мір, і калі так праз калена ўсё ламаць, то і Беларусь палыхне”, — сказаў ён.
Пры гэтым Лукашэнка адзначыў, што Беларусь будзе прытрымлівацца свайго курсу, бо “нам жа трэба зазямліцца на гэтай планеце як суверэннай незалежнай дзяржаве, каб болей нікому не хацелася ў наш бок глядзець, паціраць рукі і думаць, што заўтра мы гэтую дзяржаву раздзярбанім, як Украіну, і падзелім на кавалкі або цалкам некуды ўключым. Мы суверэнная незалежная дзяржава. Мы без усялякіх амбіцыяў выстройваем адносіны з суседзямі, і ніводзін сусед не скажа, што мы яму ствараем нейкія праблемы. Але і свайго кавалка зямлі мы не аддамо”, — заявіў беларускі кіраўнік.
Ён таксама дадаў, што менавіта на гэтай глебе вядзе перамовы з лідарамі іншых краін, перадае БЕЛТА.
Фота: БЕЛТА