Лукашэнка: на месцы Зяленскага я б пайшоў на ўсё, каб узяць пад кантроль Данбас
26 верасня Аляксандр Лукашэнка сустракаецца ў Мінску з украінскімі журналістамі. Прысутнічаюць прадстаўнікі агенцтваў "Укрінфарм", "Інтэрфакс-Украіна", тэлеканалаў "Украіна", "112 Украіна", "1+1", газеты "Урадавы кур'ер". У сваёй уступнай прамове Лукашэнка распавёў пра сваю пазіцыю па ўрэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны. Паводле яго слоў, папярэдняе ўкраінскае кіраўніцтва адрынула беларускія прапановы ў гэтай справе. Аляксандр Лукашэнка не выключае, што Кіеў гэта зрабіў не самастойна. Ён заявіў, што "Украіну спрабуюць выкарыстаць для ціску на Расію".
Лукашэнка спадзяецца, што з Уладзімірам Зяленскім удасца вырашыць праблемы, якія не ўдавалася вырашыць з Пятром Парашэнкам.
"Мы не будзем да вас напрошвацца ў міратворцы, мы не будзем да вас напрошвацца ў пасрэднікі", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым ён дапускае, што "калі гэта патрэбна будзе", беларусы гатовы "адыграць пэўную ролю". У тым ліку і ў якасці міратворцаў на Данбасе.
Лукашэнка заявіў, што на месцы ўкраінскага прэзідэнта ён "пайшоў бы на ўсё", каб дасягнуць міру. "Я б усё рабіў, каб толькі выйсці на тую мяжу і ўзяць пад кантроль Украіну", — сказаў беларускі кіраўнік пра Данбас, які знаходзіцца пад кантролем самаабвешчаных рэспублік. Лукашэнка перакананы, што "трэба сёння рабіць любыя крокі, каб вайна была спынена і гэтая тэрыторыя пачала вяртацца ва Украіну". А ў тым, што вайна скончыцца, у яго сумненняў няма.
Што трэба рабіць Уладзіміру Зяленскаму? "Трэба захаваць адзінства Украіны. Гэта галоўнае", — кажа Лукашэнка. А таксама трэба аб'яднаць усіх сваіх грамадзян — і "бандэраўцаў", і "усходнікаў". І трэба, каб яны паверылі Зяленскаму, падкрэсліў кіраўнік Беларусі. Ён неаднаразова паўтарыў, што для ўрэгулявання сітуацыі на ўсходзе Украіны "людзям патрэбныя дзеянні, якія прынясуць жаданы мір".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.