Лукашэнка на пяць гадоў працягнуў праграму сямейнага капіталу
Аляксандр Лукашэнка працягнуў дзеянне праграмы сямейнага капіталу на пяць гадоў — з 1 студзеня 2020-га па 31 снежня 2024-га. Прычым напрамкі датэрміновага выкарыстання сямейнага капіталу пашыраныя зыходзячы з інтарэсаў шматдзетных сем'яў. Адпаведны ўказ №345 "Аб сямейным капітале" кіраўнік Беларусі падпісаў 18 верасня, перадае БЕЛТА.
Па стане на 1 студзеня 2020 года сямейны капітал будзе складаць 22,5 тысячы рублёў. Для захавання пакупніцкай здольнасці яго памер будзе штогод індэксавацца — у адпаведнасці з ростам спажывецкіх коштаў.
Ва ўказе гаворыцца, што права на сямейны капітал маюць сем'і, у якіх з улікам народжанага (усыноўленага, удачаронага) дзіцяці выхоўваюцца не менш за траіх дзяцей да 18 гадоў.
Калі дзіця, на якое налічваўся сямейны капітал, дасягне 18 гадоў, гэтыя грошы могуць быць выкарыстаныя на паляпшэнне жыллёвых умоў, атрыманне адукацыі, паслуг у сферы сацыяльнага абслугоўвання, аховы здароўя, фарміраванне назапашвальнай пенсіі маці.
Датэрмінова сямейны капітал можа быць скарыстаны для паляпшэння жыллёвых умоў шматдзетных сем'яў, якія стаяць на адпаведным уліку; атрыманне адукацыі (для аплаты навучання пры атрыманні членамі сям'і сярэдняй спецыяльнай або вышэйшай адукацыі ў дзяржаўных установах адукацыі); атрыманне платных медпаслуг.
Сямейны капітал налічваецца на дэпазіт у ААТ "АСБ Беларусбанк". Калі сям'я не забрала грошы на працягу трох гадоў пасля 18-годдзя дзіцяці, сямейны капітал вяртаецца ў дзяржаўны бюджэт.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.