Лукашэнка: Нельга дапусціць розніцу паміж беднымі і багатымі людзьмі ў 30 разоў
Аляксандр Лукашэнка заклікаў беларускіх прадпрымальнікаў быць сацыяльна адказнымі, працаваць не толькі на сябе, але і на карысць дзяржавы. У аўторак ён заслухаў даклад, прысвечаны актывізацыі ў нашай краіне дзелавой ініцыятывы. Раней Лукашэнка даваў даручэнне ў гэтай справе і дачакаўся справаздачы. У выніку, прынятае рашэнне да 1 кастрычніка падрыхтаваць пакет адпаведных дакументаў, якія мусяць прыбраць адміністрацыйныя бар’еры перад бізнесам.
Адначасова Аляксандр Лукашэнка выказаўся пра адказнасць бізнесменаў, якая мусіць павысіцца. “Гульня ў адну браму непрымальная”, — сказаў ён. Кіраўнік дзяржавы не супраць, каб бізнес “быў свабодным, адказным, больш эфектыўным”, але ад гэтага мусіць узмацніцца дзяржава.
“Нельга дапусціць, як гэта ў вядомых дзяржавах, розніцу паміж беднатой і багатымі людзьмі ў 25-30 разоў, — цытуе словы Лукашэнкі яго прэс-служба. — Гэта правобраз калі не будучай рэвалюцыі, то нестабільнасці дакладна”.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што бізнес — гэта цяжкая праца, для яго вядзення патрэбныя веды, цэлы комплекс навыкаў. Таму ў выпадку ўзнікнення праблем ён параіў прадпрымальнікам шукаць прычыну ў сабе, а не бегаць па вуліцах і плошчах, абвінавачваючы ў бедах дзяржаву. А яна, у сваю чаргу, перастане ў прадпрымальнікаў "шукаць блох".