Лукашэнка: Няма нават таго росту эканомікі, які мы запланавалі
Аляксандр Лукашэнка патрабуе выканання рашэнняў, прынятых на Усебеларускім народным сходзе (УНС). Пра гэта ён заявіў 23 верасня, прымаючы ўрад з дакладам аб працы эканомікі за мінулы перыяд 2016 года, а таксама аб праектах прагнозу, бюджэту і грашова-крэдытнай палітыкі на 2017 год.
На думку кіраўніка дзяржавы, неабходна, каб гадавыя планы і прагнозы, накіраваныя на рэалізацыю прыярытэтаў праграмы пяцігодкі, цалкам адпавядалі таму, што было абяцана народу на сходзе і ўхвалена яго дэлегатамі. Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ўсе, хто прысутнічаў на дакладзе, былі непасрэднымі ўдзельнікамі падрыхтоўкі УНС і яго дэлегатамі, таму павінны разумець меру сваёй адказнасці за тактычныя рашэнні, якія будуць прынятыя сёння.
"Урад дакладвае, што ў цэлым стабільнасць захавана, у поўным аб'ёме і ў тэрмін разлічваецца па ўсіх дзяржаўных абавязацельствах, валютным даўгах, ствараюцца ўмовы для якаснага паляпшэння макраэканамічных параметраў. Тым не менш сітуацыя на шматлікіх прамысловых прадпрыемствах застаецца складанай", — канстатаваў Лукашэнка. У прыватнасці, дадаў ён, намецілася адмоўная дынаміка ў сельскай гаспадарцы, істотна недабірае будаўнічая галіна, скарачаецца экспарт, зніжаюцца інвестыцыі.
Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі няма росту эканомікі, нават таго, які быў запланаваны.
“Складваецца ўражанне, што насуперак прынятай праграме на пяцігодку ўрад рэалізуе інэрцыйны сцэнар развіцця, то бо пасіўна плыве па цячнні, спасылаючыся на неспрыяльныя знешнія фактары і не імкнучыся мабілізаваць усе сілы і рэсурсы для эканамічнага ўздыму. А часам некаторыя і супраць плыні заплываюць”, — сказаў Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў, што спасылкі на знешнія ўмовы не прымаюцца: "Калі мы адстойваем незалежнасць сваёй дзяржавы, то павінны зарабляць ўласнай працай, робячы стаўку на ўнутраныя рэзервы, больш за тое — рознага кшталту спасылкі, усялякія праблемы і складанасці, плануючы бягучы год, мы прадугледжвалі, і не аднойчы, яны ўжо закладзеныя ў нашы паказнікі".
Згодна з праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады, асноўныя палажэнні якой былі ўхваленыя на Усебеларускім народным сходзе, ВУП па выніках пяцігодкі павінен вырасці на 12-15%.
Рост ВУП ў 2016 годзе запланаваны на ўзроўні 0,3% - гэты паказчык змяшчаецца ў афіцыйным прагнозе сацыяльна-эканамічнага развіцця, які зацверджаны ўказам прэзідэнта № 504. Разам з тым, паводле апошніх ацэнак Міністэрства эканомікі, ВУП па выніках года можа знізіцца на 2%, нагадвае БелаПАН.