Лукашэнка падпісаў візавае пагадненне з Еўрасаюзам
Аляксандр Лукашэнка падпісаў пагадненні аб спрашчэнні візавага рэжыму з Еўрасаюзам і аб рэадмісіі асоб, якія прыязджаюць без дазволу. У аўторак дакументы былі апублікаваныя на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі ратыфікавалі згаданыя пагадненні 2 красавіка. Цяпер далейшыя крокі мусяць зрабіць Еўрапарламент і Савет ЕС.
Мяркуецца, што візавае пагадненне набудзе моц у чэрвені 2020 года. Яно дазволііць беларусам атрымліваць шэнгенскую візу за 35 еўра. Цяпер яна каштуе 80 еўра. Праўда, ратыфікацыя адбываецца на фоне пандэміі каранавіруса і закрыцця межаў. І калі ўсё вернецца да ранейшай сітуацыі і ці вернецца, пакуль невядома.
Пагадненні аб спрашчэнні візавага рэжыму і аб рэадмісіі асоб, якія прыязджаюць без дазволу, Беларусь і Еўрасаюз падпісалі ў Бруселі 8 студзеня. Ад нашай краіны подпіс паставіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.