Лукашэнка палепшыў працу сіноптыкаў: "Цяпер на тры дні — 120% дакладнасці"
Займаючыся фундаментальнымі даследаваннямі, навукоўцы не павінны забывацца аб практычным прымяненні іх дасягненняў і дапамагаць у вырашэнні праблем звычайных людзей. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў падчас сустрэчы з навукоўцамі 23 студзеня, перадае БЕЛТА.
Зайшла гаворка пра змену клімату. Анамальныя з'явы надвор'я ў цяперашнюю зіму ў Беларусі яны патлумачылі комплексам агульнасусветных фактараў. Па іх словах, апошнія пяць гадоў былі самымі цёплымі ў гісторыі метэаназіранняў, а гэта прывяло да ўзнікнення экстрэмальных з'яваў.
Лукашэнка ў адказ заявіў, што з недаверам ставіцца да сіноптыкаў, і патлумачыў прычыны.
"У мяне вельмі жорсткія з імі былі разбіральніцтвы летась. Бывалі часы, калі аграрыям трэба займацца пасевамі, уборкай, а нашы прагнозныя службы не могуць на тры дні прадказаць надвор'е. Хоць ва ўсім свеце тыдзень дакладна па гадзінах прадказваюць, а нашы не могуць", — абурыўся кіраўнік дзяржавы.
Лукашэнка кажа, што звярнуў увагу на гэтую праблему — і ў складзе гідраметэаралагічнай службы адбыліся змены. Пасля гэтага, маўляў, сітуацыя памянялася ў лепшы бок. "Цяпер на тры дні — 120% дакладнасці", — пахваліўся ён.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.