Лукашэнка папрасіў Румаса дапрацаваць тэрмін у АБФФ да канца
Аляксандр Лукашэнка папрасіў Сяргея Румаса дапрацаваць тэрмін у Асацыяцыі "Беларуская федэрацыя футбола" да канца. Вясной наступнага года (у сакавіку-красавіку) пройдуць планавыя выбары новага старшыні федэрацыі футбола. "Таму да гэтага часу я буду працягваць кіраваць ёй", — цытуе словы Румаса БЕЛТА.
Сяргей Румас узначальвае федэрацыю футбола з 2011 года. Ён сумяшчаў працу ў грамадскай арганізацыі з працай на пасадзе старшыні праўлення Банка развіцця Рэспублікі Беларусь. Пра тое, што Румас не будзе больш балатавацца на пасаду старшыні АБФФ, было вядома даўно. А ў жніўні 2018-га ён стаў прэм'ер-міністрам Беларусі.
6 верасня Аляксандр Лукашэнка і Сяргей Румас абмеркавалі сітуацыю ў эканоміцы, падрыхтоўку да Еўрагульняў і справы ў беларускім футболе. Якраз пра іх размову аб футбольных справах вядома мала. Прэс-служба кіраўніка дзяржавы працытавала словы Лукашэнкі: "Народная гульня, самая маштабная гульня, якая прыцягвае больш за ўсё насельніцтва. Радавацца асабліва тут няма чаму, але тым не менш, якія там у нас ёсць перспектывы?".
Кіраўнік дзяржавы даручыў Сяргею Румасу разам з міністрам спорту і турызму Сяргеем Кавальчуком падрыхтаваць у бліжэйшы час прапановы па кандыдатурах на пасаду старшыні АБФФ.