Лукашэнка — пра хакей: "Хто выйграе — будзе гуляць у КХЛ, атрымае фінансаванне"

Лукашэнка — пра хакей: "Хто выйграе — будзе гуляць у КХЛ, атрымае фінансаванне"

1 сакавіка падчас "вялікай размовы" Аляксандр Лукашэнка выказаўся пра беларускі хакей. Як вядома, праходзіць серыя таварыскіх матчаў паміж мінскім "Дынама" і зборнай клубаў экстралігі. Пакуль нічыя 1:1. У суботу пройдзе рашаючы паядынак і Лукашэнка паабяцаў, што будзе на гэтай гульні, як і на папярэдніх.

Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што гэта ён прыняў "жорсткае рашэнне" наконт правядзення суперсерыі. Паводле яго слоў, яго сімпатыі "на баку хакея і краіны". Аднак з яго далейшых слоў вынікае, што ён падтрымлівае зборную клубаў экстралігі і крытычна ставіцца да "Дынама".

"Так, я быў ініцыятарам гэтай суперсерыі, — гаварыў Аляксандр Лукашэнка. — І тут няма нічога з тым, што Лукашэнка неяк гуляе ў гэты хакей ці гуляе ці "кувыркаецца" на гэтым лёдзе... Тут падтэкст глыбінны. Вы бачыце, што, нягледзячы на вялізную ўвагу на гэты від спорту, мы атрымаем адваротны вынік. З эліты вылецела зборная, маладзёжка таксама, у КХЛ вы бачылі, як "Дынама" згуляла... Я стаў выстаўляць вельмі жорсткія прэтэнзіі да адказных асобаў — ад федэрацыі да трэнераў вядучых клубаў... У нашых начальнікаў, у тым ліку ў спорце, заўсёды ёсць адгаворка: "А вось у нас там не дзве нагі і не дзве рукі, і галавы ў нас няма".

[Галоўны трэнер "Юнацтва" Міхаіл] Захараў, які часам прыходзіць на трэніроўкі маёй каманды, неяк са мной перасёкся, ён імкнецца трапіць на гэты лёд... [Ён казаў:] "Гэта КХЛ не тое, вось гэта "Дынама" не такое... Ды ў нас школы правалены, таму ў каманду няма каго ўзяць...". Мне надакучыла гэта слухаць і аднойчы я іх "пастроіў": "Захараў, ты набіраеш каманду, дазваляю яе ўзмацніць па пяцёрцы з іншых каманд". [Гендырэктара ХК "Дынама-Мінск" Дзмітрыя] Баскава клічу: "А ты перадай дынамаўцам — сезон правалілі, будзеце гуляць супраць Захарава. Хто выйграе — той будзе гуляць у КХЛ, будзе трэнерам, будзе мець фінансаванне. Хто прайграе — ідзіце ў Канаду наймацца на працу!".

Па словах Лукашэнкі, яго з мінулага года "да гэтага падштурхоўвалі". "Хацеў паказаць гэтым дзеячам і ўсім вам, што такое чэмпіянат [Беларусі] і я не шкадую", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён выказаўся наконт другой гульні "Дынама" і зборнай экстралігі. Яму падалася дзіўнай другая шайбы, якую прапусціў брамні зборнай эстралігі Брыкун і якая прынесла перамогу "Дынама". Ствараецца ўражанне, што Лукашэнка не хацеў, каб адбыўся трэці матч, але "ладна, згуляйце трэцюю [гульню]".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ён пераканаўся: гульцы з унутранага чэмпіянату данамаўцаў "вазілі як пацаноў". І з гэтага будуць зроблены "далёкаідучыя высновы". Пры фармаванні новага складу стаўка будзе рабіцца "на сваіх хлопцаў". Пра гэта ён ужо сказаў Ігару Шуневічу, старшыні назіральнага савета ХК "Дынама-Мінск".
 
"Трэба было ўсіх паставіць на месца, і паказаць іх месца,
— гаварыў Лукашэнка. — Каб паказвалі вынік, інакш грошай не будзе... Я ўчора сказаў: Сядзеце ў турму, калі праваліце сезон. Яны, бедныя, есці перасталі...".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі