Лукашэнка прапанаваў сабраць у Мінску Вышэйшы дзяржсавет Саюзнай дзяржавы
Аляксандр Лукашэнка прапанаваў сабраць у Мінску паседжанне Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Гэтая прапанова прагучала ў панядзелак на сустрэчы беларускага кіраўніка з дзяржсакратаром Саюзнай дзяржавы Рыгорам Рапотай.
Лукашэнка нагадаў, што, паводле дамовы з Пуціным, паседжанне запланаванае на першы квартал 2016 года. "Думаю, што, напэўна, можна было і ў Мінску запланаваць правядзенне вышэйшага дзяжсавета, таму што і вышэйшыя службовыя асобы Расіі даўно ўжо не былі ў Мінску. Для Мінска, для Беларусі гэта будзе важна", — цытуе словы кіраўніка Беларусі БЕЛТА.
Рапота пазнаёміў Лукашэнку з парадкам дня мерапрыемства. Адзначыў, што ў Маскве існуе разуменне таго, што паседжанне мусіць прайсці ў Мінску. Засталося толькі вызначыцца з датай.