Лукашэнка: Уладу растапыранымі пальцамі ніхто не трымае

Лукашэнка: Уладу растапыранымі пальцамі ніхто не трымае

Аляксандр Лукашэнка 5 сакавіка узгадніў на ​​пасады новых кіраўнікоў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. Падчас гэтай працэдуры кіраўнік дзяржавы традыцыйна зрабіў шэраг гучных заяваў. 

Найперш Лукашэнка звярнуў увагу на эканоміку. "Не будзе вытворчасці, не будзе занятасці людзей, не будзе ніякага заробку. А нам патрэбныя нармальныя заробкі", — цытуе БЕЛТА словы кіраўніка Беларусі. 

Гаворачы аб працы з кадрамі, Лукашэнка даручыў кантраляваць і прыватныя прадпрыемствы. "Так, няхай яны займаюцца вытворчасцю. Вы толькі кантралюйце заработную плату, каб яна была там адпаведнай, і правы чалавека павінны быць забяспечаныя: перш за ўсё праца, зарплата, школа, сацыяльная сфера", — акрэсліў беларускі кіраўнік сваё бачанне правоў чалавека. 

Асобную ўвагу ён звярнуў на адказнасць за карупцыйныя злачынствы. "Нашы людзі нязвыклыя да таго, што хтосьці на іх вачах будзе абкрадаць іх і паводзіць сябе несумленна толькі толькі таму, што ён ва ўладзе. Гэта недапушчальна, і я ад гэтай палітыкі ніколі не адыду", — прыгразіў Лукашэнка.

Таксама кіраўнік дзяржавы паабяцаў, што на працягу года наведае шэраг раёнаў і пракантралюе, як выконваюцца яго даручэнні. "Памятайце адно: уладу растапыранымі пальцамі ніхто не трымае. Улада павінна быць у адным кулаку. Як толькі мы дзесьці дрогнем, выпусцім працэсы з-пад кантролю, мы атрымаем варыянт, як у нашых суседзяў. Таму ўлада ёсць ўлада, але ніякага самадурства", — перасцярог ён новапрызначаных чыноўнікаў. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі