Лукашэнка задумаўся, куды дзяваць электрычнасць з БелАЭС

Лукашэнка задумаўся, куды дзяваць электрычнасць з БелАЭС

Урад павінен выпрацаваць дакладны план, каб пашырыць выкарыстанне электраэнергіі ў розных сферах. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка 16 лістапада на нарадзе па ўдасканаленні сістэмы кіравання беларускай энергетыкай, інфармуе БЕЛТА.

"Урадам павінен быць распрацаваны выразны і рэалістычны план пашырэння напрамкаў выкарыстання электраэнергіі ў прамысловасці, аграрнай сферы, транспарце, IT-сектары, ЖКГ, побыце ды іншых галінах", — абазначыў напрамкі кіраўнік дзяржавы.

Па яго словах, у Беларусі вельмі нізкі ўзровень спажывання электраэнергіі — у два-тры разы ніжэй, чым у развітых краінах. Між тым хутка павінна запрацаваць Беларуская АЭС пад Астраўцом. Лукашэнка настойвае, што электраэнергія ад АЭС павінна быць запатрабаваная. 

Нагадаем, што супраць БелАЭС актыўна выступае Літва: яна ўжо заявіла, што не будзе купляць беларускую электраэнергію. Таксама галасы супраць БелАЭС гучаць і ў Польшчы.  

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што эра вугляродаў завяршаецца і надыходзіць час чыстай энергетыкі: "Вугаль, прыродны газ і нафта сыходзяць. Усе арыентуюцца, да прыкладу, не на дызель і бензін, а на электрамабілі. Таму трэба не проста разуменне, а выразны план дзеянняў, зыходзячы з балансу вытворчасці электраэнергіі і спажывання".

Таксама Лукашэнка паставіў перад урадам мэту дасягнуць стоадсоткавай энергетычнай незалежнасці і бяспекі. Ён нагадаў, што ў 2018 годзе Беларусь упершыню цалкам адмовілася ад імпарту электраэнергіі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі