Лукашэнка загадаў цягам сутак адмяніць забарону на продаж алкаголю ўначы
Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся на працягу сутак адмяніць абмежаванні на продаж алкаголю ўначы з 23.00 да 07.00. Пра гэта паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Адміністрацыю прэзідэнта.
Такая забарона была ўведзеная ў парадку эксперыменту з 1 кастрычніка ў Мінску і месцамі на раённым узроўні.
Па словах Лукашэнкі, якія перадае БЕЛТА, змагацца з п'янствам і алкагалізмам трэба не такімі аднабокімі забаронамі. Бо такія забароны вядуць да росту ценявога рынку і крымінальнай сферы, у тым ліку расце прапанова кантрафактнай прадукцыі.
У Адміністрацыі прэзідэнта зазначылі: "З іншага боку, попыт заўсёды знаходзіць прапанову. Продажы з-пад крыса тымі ж таксістамі, рост ужывання любых вадкасцяў з утрыманнем спірту, праблема кантрафакту ва ўмовах немагчымасці кантраляваць сітуацыю ў рамках цывілізаваных умоў гандлю... І, як вынік, павелічэнне колькасці правапарушэнняў і алкагольных атручванняў, дадатковая нагрузка на сістэму аховы здароўя і расход бюджэтных сродкаў. Усё гэта таксама найбольш верагодныя наступствы падобных забаронаў".