Будзем скарачаць людзей. Мінскія “начнікі” — пра “паўсухі закон” з 1 кастрычніка

Будзем скарачаць людзей. Мінскія “начнікі” — пра “паўсухі закон” з 1 кастрычніка

З 1 кастрычніка мінскім крамам забаронена прадаваць алкагольныя напоі з 23:00 да 7:00. Набыць алкаголь уночы можна будзе толькі на разліў у барах, рэстаранах і іншых месцах, абсталяваных для “ўжывання”. Што на гэты конт думаюць у кругласутачных крамах, значная доля начнога абароту якіх — алкаголь?

“Пра гэты ўказ [маецца на ўвазе пастанова Мінгарвыканкама пра абмежаванне гандлю алкагольнымі напоямі. — Еўрарадыё] мы даведаліся толькі сёння, распавёў Еўрарадыё намеснік дырэктара па маркетынгу гандлёвай сеткі BIGZZ Робертас Шуляўскас. — Забарону на продаж алкаголю мы адназначна будзем выконваць. Але такі падыход, калі мы ў пятніцу даведваемся, што праз 2-3 дні ўводзіцца абмежаванне, стварае мноства праблем. І так не павінна быць.

Я лічу, што ў сучаснай дзяржаве, якой з’яўляецца Беларусь, сеткі пра гэта павінны даведацца значна раней. Павінен давацца мінімум месяц, бо гэта графік працы, супрацоўнікі і шмат іншага. Калі мы зменім графік, значыць, мы будзем скарачаць і людзей. Прагназую, што на рэнтабельнасць крам гэта забарона паўплывае”.  

Частка крамаў BIGZZ працуе кругласутачна, частка — да 0:00. Робертас Шуляўскас дадае, што пакуль рашэнне, як будуць працаваць гэтыя крамы, не прынятае.

У гандлёвым доме “Палессе” на праспекце Ракасоўскага таксама кажуць, што указ пра забарону для іх — як снег на галаву.

“Як будзем працаваць, пакуль не ведаем, — кажуць там. — Інфармацыя толькі сёння паступіла. Будзем глядзець, як эканамічна ўсё абгрунтавана. Падчас мінулай забароны мы працавалі, гандлявалі прадуктамі. Магчыма, першы час будзем працаваць, але гэта не дакладна. Вядома, гэтае абмежаванне прывядзе да нерэнтабельнасці, асабліва ў выхадныя”.

У супермаркетах “Суседзі” і “Алмі”, якія працуюць 24 гадзіны, Еўрарадыё паведамілі, што змен у графіку працы пакуль няма. Таксама пацвердзілі, што забарона на продаж спіртнога паўплывае на прыбыткі крам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі