Ля амбасады Беларусі ў Варшаве чарга, каб трапіць у спісы выбаршчыкаў

Чарга ў амбасаду Беларусі ў Польшчы / facebook.com
Чарга ў амбасаду Беларусі ў Польшчы / facebook.com

Ля амбасады Беларусі ў Варшаве выстройваюцца доўгія чэргі грамадзян, якія хочуць трапіць у спісы выбаршчыкаў і прагаласаваць на прэзідэнцкіх выбарах. "Амбасада вылучыла ўсяго дзве гадзіны ў дзень для рэгістрацыі. Людзі прыязджаюць, стаяць у чарзе і не паспяваюць!" — абураюцца грамадзяне Беларусі, якія жывуць у Варшаве.

Едуць мікрааўтобусамі

У амбасадзе Беларусі ў Варшаве Еўрарадыё пацвярджаюць, што да іх будынка стаіць чарга. Але працэс рэгістрацыі не паскараюць. Ды і сёння — апошні дзень, калі яе можна прайсці: 4 жніўня ўжо пачынаецца датэрміновае галасаванне.

Адна на ўсіх

Паводле звестак на чэрвень 2020 года, у Польшчы легальна працуюць амаль 42 тысячы беларусаў. Усяго, па розных ацэнках, там можа знаходзіцца ад 100 да 400 тысяч грамадзян Беларусі. У іх ёсць яшчэ адно пытанне да дыпламатаў: на выбарчым участку ў амбасадзе абсталявалі ўсяго адну кабінку для галасавання.

Беларусы перажываюць, што не паспеюць прагаласаваць, калі ўсе прыйдуць на ўчастак 9 жніўня.

— У павелічэнні колькасці адмаўляюць. Людзі, якія рэгіструюцца ў спісы, наўпрост просяць работнікаў консульства звярнуць увагу, якія чэргі стаяць пад іх вокнамі. Інфармуюць, што прыйдуць галасаваць 9 жніўня. На што работнікі адказваюць: "Ну, калі што, ёсць ксеракс. Бюлетэняў хопіць". А што іх адна кабінка не мае такой прапускной здольнасці, каб прыняць усіх ахвотных на працягу 12 гадзін? — каментуе сітуацыю Анастасія.

Прэс-сакратар амбасады Беларусі ў Польшчы тлумачыць, што рашэнне паставіць толькі адну кабінку звязана з эпідэміялагічнай сітуацыяй.

— У нас у амбасадзе недастаткова месца для таго, каб зрабіць чатыры-пяць кабінак. Мы робім усё, улічваючы супрацьэпідэміялагічныя рэкамендацыі. Ужо анансуецца другая хваля каранавіруса. Таму, каб была сацыяльная дыстанцыя, мы абсталявалі адну кабінку.

У посольства Беларуси в Варшаве очередь, чтобы попасть в списки избирателей
Чарга ў амбасаду Беларусі ў Польшчы / facebook.com

А бюлетэняў хопіць на ўсіх?

У ЦВК Беларусі лічаць, што для галасавання за мяжой удакладненне спісаў з боку выбаршчыкаў асаблівага сэнсу не мае.

— Усё роўна выбаршчык прыйдзе з пашпартам. Без яго за мяжой прагаласаваць нельга будзе, нават калі ты ў асноўным спісе. Чалавек прыходзіць на датэрміновае або асноўнае галасаванне на выбарчы ўчастак. Прад'яўляе пашпарт, і яго ўносяць у дадатковы спіс,расказвае Еўрарадыё намеснік загадчыка аддзела прававой, аналітычнай і метадычнай работы ЦВК Беларусі Іван Толкач.

Але як у такім выпадку амбасада ў Варшаве зможа ацаніць колькасць выбаршчыкаў і заказаць у Беларусі патрэбную колькасць бюлетэняў? У мінулыя выбары тут прагаласавала некалькі сотняў чалавек, але сёлета электаральная актыўнасць прыкметна вышэйшая.

— Можам сказаць, што ўсім, хто прыйдзе на ўчастак, бюлетэняў хопіць, — супакойваюць нас у амбасадзе Беларусі ў Варшаве. Але як адбудзецца гэта магія — не тлумачаць.

У амбасадзе не зацікаўленыя

Беларусы падаюць скаргі на парушэнне выбарчага заканадаўства.

У посольства Беларуси в Варшаве очередь, чтобы попасть в списки избирателей
Скарга / facebook.com

"Супрацоўнікі амбасады і сябры выбарчай камісіі не прынялі мер, каб забяспечыць высокую "праходнасць" і максімальную хуткасць апрацоўкі звестак патэнцыйных выбаршчыкаў за кошт прыцягнення большай колькасці сяброў камісіі да гэтай працэдуры.

Гэта наўпрост і ўскосна паказвае на тое, што работнікі амбасады не зацікаўленыя ў належным забеспячэнні і правядзенні дэмакратычных выбараў, што цягне за сабой як адміністрацыйную, так і крымінальную адказнасць", — гаворыцца ў адным з такіх зваротаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі