Лялечны фестываль у Гродне адкрылі анёлы і байкеры (фота)

З 11 па 15 траўня горад прымае II Міжнародны фестываль лялечных тэатраў “Лялькi над Нёманам”.



Адкрылася свята тэатралізаваным парадам па цэнтральных вуліцах горада і запускам у неба лагатыпа гродзенскага тэатра лялек, афарбаванага ў колеры сцягоў краін-удзельніц.



Паказы на фестывалі пачнуцца з “лялечнікаў” Брэста, Мінска і балгарскага горада Сілістра. За час свята свае спектаклі пакажуць 20 тэатраў з 9 краін: Беларусі, Польшчы, Эстоніі, Сербіі, Чэхіі, Літвы, Украіны, Расіі і Балгарыі.



Пройдуць спектаклі на чатырох сцэнічных пляцоўках: на малой сцэне драматычнага тэатра, у камернай зале і на вялікай сцэне тэатра лялек, на адкрытай пляцоўцы Старога замка.



У праграме ёсць пастаноўкі для дзяцей і сямейнага прагляду, для моладзі і дарослых. Рэпертуар фестывалю складзены для зручнасці гледачоў, каб можна было паглядзець усе спектаклі без выключэння.



Спектаклі без слоў пакажуць тэатр лялек з Вільянды (Эстонія) — “Папялушка” і Віленскі тэатр — “Метэа”. Тэатр з Беластока прадставіць эксперыментальны спектакль для дарослых на польскай мове “Мантэкі і Капулеці” па матывах шэкспіраўскай трагедыі. Гродзенскі тэатр лялек выступіць па-за конкурсам са спектаклем для дарослых “Фаўст. Сны”.


У дзень закрыцця 15 траўня міжнароднае журы з Расіі і Беларусі вызначыць пераможцаў у намінацыях: “Лепшы спектакль” (Гран-пры), “Лепшая праца рэжысёра”, “Лепшая праца мастака-пастаноўшчыка”, “Лепшы акцёрскі ансамбль”, “Лепшая мужчынская роля”, “Лепшая жаночая роля” і “Лепшае музычнае афармленне спектакля”.  Узнагародай для лідараў стануць крыштальныя вазы з лагатыпам фестывалю, вырабленыя майстрамі-шкловыдзімальнікамі шклозавода “Нёман”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі