“Людскія пачуцці ствараюць мацнейшыя сувязі між краінамі чым эканамічныя”
Старшыня Беларускага таварыства дружбы паміж краінамі аспрэчвае тэзіс, што паміж дзяржавамі не можа быць дружбы.
Сёння Сусветны дзень культурнай разнастайнасці і Еўрарадыё вырашыла разведаць, як у Беларусі разумеюць культурную разнастайнасць. Пошукі прывялі нас да Беларускага Таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі. Падаем у скарачэнні тэкст размовы.
Поўную версію размовы можна паслухаць тут: 120521 Ivanova_site.mp3
Еўрарадыё: Каментатарыі ў сацыяльных сетках кажуць, што сяброўства паміж краінамі не можа быць. Можа, аднак, такое сяброўства можа неяк праяўляцца?..
Ніна Іванова: Гэта вялікая памылка, бо сяброўства – гэта галоўнае, што нас аб’ядноўвае. Гандлёва-эканамічныя сувязі, інвестыцыі, праекты – яны важныя, але пачуцці людзей адзіна да аднаго выстройваюцца не на адзін дзень ды не на адзін год. У складзе нашага Таварыства дружбы працуюць 37 таварыстваў дружбы з асобнымі краінамі. Некаторыя з іх маюць па 50 гадоў – гэта ўжо некалькі пакаленняў уключылася ў гэтую дружбу. Калі ты любіш народ, ты цікавішся яго культурай, яго традыцыямі, даведваешся нешта пра гэты народ. Калі ты можаш падкрэсліць гэта ў размове з прадстаўніком іншага народу – гэта выклікае вялікую павагу да цябе, а праз цябе і да ўсяго беларускага народу.
Еўрарадыё: Як з’явілася Таварыства дружбы ды культурнай сувязі паміж народамі?
Ніна Іванова: У 1926-м годзе наша нацыянальная інтэлігенцыя – у першай чарзе Янка Купала ды Якуб Колас, прамаці нашай Акадэміі навук, Інстытут беларускай культуры, стварылі грамадскую арганізацыю “Беларускае таварыства дружбы”, каб праз яе свет мог даведацца пра Беларусь, а сябры таварыства маглі папулярызаваць культуру, традыцыі іншых краін у Беларусі. Ад самага пачатку Таварыства пачало супрацоўнічаць са шматлікімі грамадскімі арганізацыямі свету. Мы ганарымся, што на наша запрашэнне некалі Беларусь наведала такая выбітная постаць, як Рабіндранат Тагор. Было і шмат іншых выбітных асобаў, якія наведалі Беларусь. Але найважнейшае, што мы праз нашу арганізацыю маглі паказваць Беларусь свету. Праз Таварыства былі накіраваныя ўсе вядомыя сталыя творчыя калектывы.
Еўрарадыё: Хто выступае ініцыятарам сяброўства?
Ніна Іванова: Галоўнае, каб былі людзі, якія праяўляюць ініцыятыву. Часцей за ўсё – гэта прадстаўнікі нашай нацыянальнай інтэлігенцыі. Гэтую ініцыятыву падтрымліваюць пасольствы краін, з якімі мы знаходзімся ў цесным супрацоўніцтве. Тады мы адразу вывучаем пытанне ды спрабуем у адпаведнай краіне стварыць падобнае таварыства, каб было з кім працаваць. Раней было інакш, таму што гэта была ідэалагічная ўстанова, і стварэнне таварыстваў ініцыявалася ў Маскве. Тады структур было 12. Мы ўжо ў наш час пачалі ствараць новыя структуры, і цяпер іх 37. Мы ганарымся, кожную структуру ўзначальвае выбітная асоба беларускай культуры: навукоўцы, літаратары, публіцысты – людзі глыбокія, інтэлігентныя, адукаваныя, і самае галоўнае – адданыя беларускай культуры.
Еўрарадыё: Сяброўства паміж народамі вымяраецца існаваннем таварыстваў?..
Ніна Іванова: Не, мы вядзем толькі частку такой вялікай работы, як народная дыпламатыя. Ёсць вялікая колькасць асобных людзей: творцы пісьменнікі – якія таксама маюць кантакты ў замежжы і робяць вялікую работу паасобку, каб сфарміраваць імідж нашай краіны, каб нас ведалі, паважалі, можа, і любілі… Нашы дыпламаты таксама робяць шмат: і выставы, і імпрэзы ў тых краінах, дзе яны прадстаўляюць Беларусь. Шмат людзей дапамагае, арганізацый, фондаў, якія дзейнічаюць у разнастайных напрамках. Нядаўна ў нас быў Фонд “Дзеці Чарнобыля” зямлі Саксоніі. Яны былі на Брэстчыне, дзе наша інтэлігенцыя паказала ім замак ў Косаве, Дом Тадэвуша Касцюшкі… Яны таксама ўдзельнічаюць ва ўмацаванні сяброўскіх сувязяў, бо пра гэта яны будуць з любоўю расказваць там.
Еўрарадыё: Чым займаецца Таварыства?
Ніна Іванова: Калі казаць коратка – мы вядзем цяпер чатыры праграмы. Гэта, вядома ж, абмен культурнымі дасягненнямі: вечарыны ў Доме дружбы, прысвечаныя розным краінам, розным традыцыям, культуры, вядомым падзея і вядомым людзям; выстаўкі, творчыя справаздачы, вечары на мовах краін, з якімі мы сябруем. Праз нашых партнёраў нам удаецца тое-сёе зрабіць у замежных краінах. Так мы адсвяткавалі 130-годдзе са дня нараджэння Янкі Купал ды Якуба Коласа, 120-годдзе Максіма Багдановіча – большасць нашых партнёраў за мяжой правялі імпрэзы, прысвечаныя гэтым датам. Гэта – галоўная наша праграма. Яшчэ мы займаемся парадненнем гарадоў. Пры нас працуе “Беларуская асацыяцыя пародненых гарадоў”. У межах гэтай праграмы мы дапамагаем знайсці партнёраў за мяжой, праводзім кансультацыі. Трэцяя праграма – гуманітарная. Мы атрымліваем медыцынскае абсталяванне для нашых медустановаў, праводзім аздараўленне дзяцей. І чацвёртая праграма – маладзёжная. Гэта ў асноўным павышэнне моўнай кваліфікацыі нашых спецыялістаў. Таксама мы многа працуем са студэнтамі, улічваючы інтарэсы нашай моладзі.
Старшыня Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі Ніна Іванова. Крыніца: belta.by