Магілёўскаму байцу ММА за парушэнне каранціну пры COVID-19 прысудзілі суткі
Магілёўскі баец ММА і YouTube-блогер Мікіта Варажбітаў асуджаны на 10 сутак арышту, піша праваабарончы сайт mspring.media.
Варажбітаў асуджаны за непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы. Фактычнай прычынай прысуду стала парушэнне каранціну пасля выпіскі з бальніцы, дзе магілёвец лячыўся ад COVID-19. Суд адбыўся 29 студзеня, прысуд вынесла Наталля Панасенка.
За парушэнне ізаляцыі Варажбітава асудзілі ўжо трэці раз, ён правядзе за кратамі агулам 42 дні. Праваабаронцы адзначаюць унікальнасць гэтага прысуду для Беларусі: звычайна парушальнікаў рэжыму самаізаляцыі караюць штрафам. Пакаранне арыштам за такое парушэнне — першы выпадак у Беларусі.
Таксама варта згадаць, што пакараныя "суткамі" людзі сведчаць: у беларускіх ізалятарах не дбаюць пра абарону ад каранавіруса.
Варажбітава затрымалі ў Магілёве 29 снежня, калі ён ішоў па вуліцы з дзяўчынай. Прычынай затрымання стала парушэнне рэжыму самаізаляцыі, за што яму прысудзілі 15 сутак арышту. Калі тэрмін скончыўся, яго асудзілі на 7 сутак за прапаганду нацысцкай сімволікі. Па заканчэнні гэтага тэрміну яго зноў асудзілі за парушэнне рэжыму самаізаляцыі — 10 сутак.
Пасля затрымання Варажбітава яго канал на YouTube, які меў 350 тысяч падпісчыкаў, быў выдалены.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.