Макей патэлефанаваў у Маскву Лаўрову
22 студзеня адбылася тэлефонная размова міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея і кіраўніка расійскага знешнепалітычнага ведамства Сяргея Лаўрова. Пра гэта вядома з кароткага паведамлення прэс-службы МЗС Расіі. У ім падкрэсліваецца, што размова адбылася "з ініцыятывы беларускага боку".
Гаворка ішла пра "актуальныя пытанні беларуска-расійскага супрацоўніцтва", пра ўзаемадзеянне МЗС двух краін, а таксама пра "далейшае развіццё саюзніцкіх адносін Расіі і Беларусі".
МЗС Беларусі верагодна пра размову праінфармуе пазней.
Як вядома, у снежні 2019-га прайшлі некалькі сустрэч кіраўнікоў Беларусі і Расіі, на якіх не было дасягнута дамоўленасцяў па далейшай інтэграцыі. Праца над "дарожнымі картамі" працягваецца. Да таго ж, у нашай краіны ўзніклі праблемы з пастаўкамі нафты, арганізуюцца альтэрнатыўныя расійскаму варыянты. Нядаўна Уладзімір Пуцін аб'явіў пра змены, якія будуць унесеныя ў Канстытуцыю Расіі, пра пераразмеркаванне ўладных паўнамоцтваў. У РФ сфармаваны новы ўрад. Такім чынам, застаецца інтрыгай, як усе гэтыя падзеі паўплываюць на беларуска-расійскія адносіны ў 2020 годзе.
Якраз 22 студзеня стала вядомая дата перанесенага візіту дзяржсакратара ЗША Майка Пампеа ў Беларусь — 1 лютага.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.