Марціновіч: Само слова патрыятызм сёння значыць нешта іншае

120808 MarcinovichS.mp3

Еўрарадыё: Ажно 50% выпускнікоў ЕГУ вяртаюцца ў Беларусь. Чаму? Не могуць знайсці працы ў Еўропе?


Марціновіч: Гэта многа ці мала? Можна было б чакаць, што большы адсотак мог бы вяртацца ў Беларусь… Гэта не сведчыць пра тое, што выпускнікі не могуць уладкавацца на працу ці ў магістратуру. Гэта сведчыць пра тое, што яны хочуць прынесці карысць на pадзіме. 


Еўрарадыё: Ці могуць яны знайсці працу паводле спецыяльнасці ў Беларусі?


Марціновіч: Выпускніку ЕГУ знайсці працу у прыватным сектары паводле спецыяльнасці значна прасцей, чым выпускніку беларускіх ВНУ. Тое, чаму вучаць у Беларусі, паступова пачынае састараваць. Беларуская гуманітарыстыка вельмі савецкая. Тое, што цяпер мы назіраем вакол шведскай амбасады – яна скасоўвае шансы для нармальнай адукацыі ў нашай краіне. Інстытут журналістыкі БДУ меў праграмы абмену. Цяпер гэтыя праграмы будуць скасаваны, калі яшчэ не скасаваны. Беларуская сістэма вышэйшай адукацыі – вельмі герметычная. Яна не вучыць мовам, не дае ведаў, якія можна было б проста канвертаваць у свеце. У мяне ніякіх пытанняў да якасці ведаў выпускнікоў ЕГУ – няма. Ёсць якраз пытанні да якасці ведаў тых людзей, якія прыходзяць на ўступныя іспыты ў магістратуру ЕГУ пасля беларускіх ВНУ. Седзячы ў камісіях, я бачу іх узровень, і ўзровень іх штогод пагаршаецца. 


Еўрарадыё: А што вы робіце з такімі абітурыентамі?


Марціновіч: У ЕГУ ёсць пэўны набор-мінімум – веданне моваў. Я чытаю курс на англійскай мове. Калі я бачу, што чалавек не зможа чытаць па англійску – я вымушаны, на жаль, адмовіцца ад такога кандыдата ў магістратуру. Я бачыў людзей, якія не могуць чытаць па-англійску, адказваць па-англійску. На жаль, гэта бездапаможная сітуацыя. Я з такімі не працаваў бы. 


Еўрарадыё: Ці скіраваныя ЕГУшнікі вяртацца ў Беларусь?


Марціновіч: Яны аддана і шчыра кажуць, што гатовыя вяртацца і заставацца на радзіме. Такіх антыпатрыётаў, якія былі б адразу скіраваныя на тое, каб з’ехаць – на сваёй практыцы я не сустракаў. Прынамсі такіх, якія пра гэта адкрыта кажуць. Аднак трэба ўлічваць адну істотную акалічнасць: сусвет цяпер – не той, што быў 100 год таму. Само слова патрыятызм цяпер азначае нешта іншае. Мы жывём у глабалізаваным сусвеце. Я асабіста не бачу праблемы, што выпускнік ЕГУ паедзе ў магістратуру ў Ірландыю, ці ў Нямеччыну, ці ў Англію, вяртаецца ў Беларусь, знаходзіць сабе працу, і маючы досвед вандровак па Еўропе пачынае будаваць Беларусь вакол сябе такую, як ён пабачыў і ўсвядоміў у Еўропе. 


Еўрарадыё: Якія кірункі папулярныя ў ЕГУ?


Марціновіч: Ад году ў год відаць вельмі вялікая цікавасць абітурыентаў ЕГУ да такой праграмы як медыя. Конкурс на медыя вельмі вялікі. Таксама вялікі попыт на ахову культурнай спадчыны і турызм. На першым месцы заўсёды турызм, медыя, дызайн – такія прыкладныя спецыяльнасці.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі