Мастачка Капуснікава намалявала Фэйсбук

Паўтары месяцы спатрэбілася беларускай мастачцы Жанне Капуснікавай, каб намаляваць сваіх сяброў па жыцці і Фэйсбуку. Жанна ўзяла іх аватары, размалявала псіхаделічнымі колерамі, аздобіла суніцамі, цюльпанамі ці шапачкай для басейну, і такім чынам атрымала 17 партрэтаў, якія склаліся ў адну вялікую выставу пад назвай “ДА.О”.

 
Адкрыццё выставы прайшло 13 студзеня ў галерэі “Ў”, куды Жанна запрасіла ўсіх герояў сваіх прац. Такая справа – ніхто з іх не ведаў, што пабачыць сябе на карцінах.
За рэакцыяй цікава было паназіраць.
 
 
Першымі сябе пабачылі супрацоўнікі галерэі. Ажно трое з іх трапілі на палотны Жанны Капуснікавай.
“Нэнка Ўкраіна прыйшла да нас!”, – сказала арт-дырэктарка галерэі Ганна Чыстасердава, намаляваная копія якой паглядала са сцяны ў выглядзе бойкай украінскай дзяўчыны, у якой рукі ў бокі.
 
 
“Гэта, напэўна таму, што я заўсёды з любоўю гавару пра Ўкраіну і падкрэсліваю, што большая мая частка – менавіта адтуль”, – тлумачыць свой вобраз Ганна.
 
Арт-дырэктарка Валянціна Кісялёва апынулася на карціне ў вобразе актрысы:“Я пераглядзела свае фота з Фэйсбуку, і высвятлілася, што я на кожным фотаздымку ў нейкім новым вобразе. Я, шчыра, ніколі пра гэта не думала і не заўважала”.
 
 
Насамрэч гэта і стала галоўнай канэцпцыяй праекту – паказаць, як твой фэйсбучны вобраз успрымаюць іншыя людзі, у дадзеным выпадку – мастачка Жанна Капуснікава“Кожны з нас, хто размяшчае свае фота ў сацыяльных сетках, спадзяецца, што яго ўспрымуць так, як ён сам сябе ўспрымае. А я вось рызыкнула ўспрыняць іх інакш”.
 
Жанна Капуснікава: "Кожны з нас, хто размяшчае свае фота ў сацыяльных сетках, спадзяецца, што яго ўспрымуць так, як ён сам сябе ўспрымае"
 
 
Акрамя супрацоўнікаў галерэі, на палотны Жанны трапілі яшчэ члены яе сям’і, фатографы, піяршчыкі, мастацтвазнаўцы, мастакі. З самых вядомых – Уладзімір Цэслер, які па бараду сядзеў у намаляваным басейне і пазіраў на прысутных сваім крэатыўным вокам.
 
Уладзімір Цэслер па бараду сядзеў у намаляваным басейне і пазіраў на прысутных сваім крэатыўным вокам.
 
 
Хоць Фэйсбук – прыдумка XXI стагоддзя, музычнае афармленне выставы “ДА.О”мастачка зрабіла ў стылі 60-х. Спачатку – музычныя нарэзкі са старадаўніх камп'ютарных гульняў. Пасля – шоў-перфоманс ад Веранікі Кругловай, якая са сваёй сястрой Святланай і запрошанымі музыкамі зрабіла папуры з песень свайго дзяцінства.
 
 
Вераніка Круглова: “Мастачка захацела менавіта атмасферу 60-х. Таму што гэта наша рамантычнае дзяцінства, і дзяцінства тых людзей, якія сталі музамі на карцінах Жанінай выставы”.
 
 
Спявачкі выйшлі да публікі ў кароткіх сукенках і з накладнымі вейкамі, ды цягам гадзіны весялілі людзей песнямі пра мядзведзяў, чорнага ката і стогнамі “Помоги-и-и мне! Сердце гибнет!”.
 
 
Выставу, але ўжо без музычнага абрамлення і “ажыўшых карцінак” (акрамя, хіба, працаўнікоў), можна паглядзець у галерэі “Ў” да 1 лютага 2011 года
 
 
Фота: Цімафей Скібенка (Gluctim)

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі