Мазырскія ўлады парушылі выбарчае заканадаўства, лічаць праваабаронцы
Праваабаронцы заяўляюць, што ў часе правядзення канцэрту “За моцную і квітнеючую Беларусь!” у Мазыры было парушана выбарчае заканадаўства. Як паведаміў БелаПАН мясцовы праваабаронца Ўладзімір Целяпун, у часе гэтага канцэрту, які адбываўся на плошчы Леніна, мясцовыя ўлады праводзілі агітацыю за Аляксандра Лукашэнку. Мазырскія чыноўнікі выступалі перад публікай і заклікалі падтрымаць дзейнага кіраўніка дзяржавы. Між тым, праводзіць агітацыю на плошчы Леніна ў гэтым горадзе забаронена. Уладзімір Целяпун мае звярнуцца ў райвыканкам, пракуратуру і раённы выбаркам са скаргай на парушэнне заканадаўства.