Медаль за выратаванне дзіцяці і дапамога марскім коцікам: толькі добрыя навіны
Лыжка мёду на Еўрарадыё
Атрымаць алімпійскі медаль і прадаць яго, каб выратаваць немаўля, або кінуць усё і адправіцца валланцёрам на Востраў цюленяў, дзе ў палоне пластыку гінуць дзясяткі марскіх коцікаў?
Добрае здараецца.
Пераканайцеся самі, прачытаўшы агляд самых добрых, смешных, а часам абсурдных навін на Еўрарадыё.
Смартфон без рэкламы
Samsung больш не будзе паказваць рэкламу на смартфонах. Па словах прэзідэнта і кіраўніка мабільнага падраздзялення Samsung Тэ Мун Ро, у карпарацыі прынялі рашэнне адключыць яе ў шэрагу дастасаванняў на тэлефонах. Да іх адносяцца праграма для аплаты Samsung Pay, а таксама ўбудаваны пагодны сэрвіс і Samsung Theme.
"Мы шукалі новыя магчымасці росту ў галіне кантэнту і рэкламных паслуг, такіх як гульні і медыя, каб узмацніць інтэграваны вопыт экасістэмы Galaxy", — растлумачыў топ-менеджар. У той жа час Ро падкрэслівае, што карпарацыя не можа ігнараваць пажаданні карыстальнікаў смартфонаў Samsung.
"Мы зробім усё магчымае, каб даць карысную інфармацыю, якая патрэбна кліентам, з дапамогай пошуку і рэкамендацый у службе кантэнту або ў краме Galaxy", — абяцае прадстаўнік карэйскай карпарацыі. Як мяркуецца, рэклама будзе выдаленая з наступным абнаўленнем сістэмнай абалонкі One UI Software.
Зваршчык, які ператварае металалом ў прадметы мастацтва
У Дагестане зваршчык Нурмагамед Амараў ператварае груду старога металу ў прадметы сучаснага мастацтва. Яго незвычайныя экспанаты дэманстраваліся на персанальнай выставе ў Музеі гісторыі Махачкалы.
Мужчына ператварае ў скульптуры непатрэбныя ці старыя дэталі ад розных транспартных сродкаў і бытавой тэхнікі — гайкі, шрубы, спружыны ад ровара, рашоткі, пруты і іншае.
Героямі яго прац часта становяцца персанажы з мультфільмаў і музыканты. Металічныя фігуры ў чалавечы рост, якія граюць на інструментах, зваршчык можа зрабіць без папярэдняга эскіза. Працы купляюць, але майстар прызнаецца, што яму складана займацца гандлем.
Алімпійскі медаль за жыццё дзіцяці
Алімпійская медалістка Токіа-2020 Марыя Андрэйчык з Польшчы прадала медаль, каб аплаціць 8-месячнаму Мілашу аперацыю на сэрцы. Дзяўчына выставіла ўзнагароду на аўкцыён. Калі яе цана паднялася да 125 тысяч долараў, медаль выкупіла сетка польскіх супермаркетаў Zabka. Кампанія заплаціла сродкі за ўзнагароду і на знак падзякі за дабрачыннасць вярнула яе Марыі Андрэйчык.
“Нас вельмі кранула дабрыня польскай спартсменкі. Мы вырашылі выкупіць медаль і пакінуць яго Марыі. Вельмі рады паўдзельнічаць у такой добрай справе", — напісаў польскі супермаркет ў сябе ў твітары.
Супермаркет працягнуў збіраць сродкі на аперацыю для немаўляці, а спартсменка збіраецца выставіць медаль на аўкцыён зноў, каб здолець дапамагчы каму-небудзь яшчэ.
Выратаванне марскіх коцікаў
Валанцёры выратавалі больш за 60 марскіх коцікаў з пластыкавага палону на Сахаліне. Добраахвотнікі правялі на Востраве цюленяў два месяцы і ўвесь гэты час дапамагалі жывёлам выбрацца з ўпаковачных стужак, здымалі з іх таксама такія прадметы, як вяхотка з ручкай або седала для ўнітаза.
Каб злавіць паланёных у пластык, валанцёры выкарыстоўвалі дроцікі, сачкі або тэлескапічныя шасты.
"Праца на месцы лёжкі патрабуе строгага выканання правілаў бяспекі — гэта важна як для чалавека, так і для жывёл. Усе эксперты не першы год працуюць на лежнях, а валанцёры прайшлі навучанне і падрыхтоўку па аказанні дапамогі цюленям", — паведамілі ў клубе.
Каракаціцы памятаюць усё
Каракаціцы, на адрозненне ад людзей, захоўваюць выразную памяць аб канкрэтных падзеях у старасці. Калі з узростам людзі паступова губляюць здольнасць запамінаць падзеі, якія адбыліся ў пэўны час і ў пэўных месцах, каракаціцы могуць памятаць, дзе і калі адбываліся канкрэтныя падзеі — ажно да апошніх некалькіх дзён жыцця.
Вынікі праведзенага даследавання з'яўляюцца першым сведчаннем існавання жывёлы, памяць аб канкрэтных падзеях якога не пагаршаецца з узростам.
Навукоўцы правялі тэсты памяці з 24 каракаціцамі. Палове з іх было 10-12 месяцаў, а другой — 22-24 месяцы (эквівалентна людзям ва ўзросце 90 гадоў).
"Каракаціцы могуць памятаць, што яны елі, дзе і калі, і выкарыстоўваць гэта, каб прымаць рашэнні аб кармленні ў будучыні. Што дзіўна, дык гэта тое, што яны не губляюць гэтую здольнасць з узростам, нягледзячы на іншыя прыкметы старэння, такія як страта мышачнай функцыі і апетыту", — паведаміла адна з аўтарак даследавання Аляксандра Шнэл з кафедры псіхалогіі Кембрыджскага ўніверсітэта.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.