Месца "Макдональдса" павінны заняць беларускія вытворцы, лічыць Лукашэнка
"МакДональдс" / Еўрарадыё
На месца рэстаранаў "МакДональдс" павінны прыйсці беларускія вытворцы, заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Некаторыя, асабліва сярод моладзі (дый, напэўна, сярэдняга ўзросту, а можа, і старэйшага), сталі ахаць і вохкаць: "Ах, "МакДональдс" сыходзіць". Я думаю: дзякуй табе божа, што хоць сыходзіць! Але толькі месца "Макдональдса", дзе працуюць нашы людзі, нашы спецыялісты, дзе спажываецца наш тавар, павінны заняць беларусы", — перадае БЕЛТА ягоныя словы.
Лукашэнка нават апісаў тэхналогію працы "МакДональдса", якую можна замяніць: "У нас што, булачку напалову не могуць разрэзаць і ўпіхнуць у гэтыя дзве палоўкі кавалачак мяса, бульбы і салаты? Госпадзе, хто гэта спажывае, не ведаю".
Пра сыход кампаніі "МакДональдс" стала вядома тыдзень таму. Меркавалася, што надалей рэстараны сеткі будуць працаваць пад расійскім брэндам "Вкусно — и точка". Апошні дзень працы рэстаранаў пад назвай "МакДональдс" будзе 22 лістапада. Ці ведае гэтыя падрабязнасці Лукашэнка — незразумела.
Сыход кампаніі з Беларусі выкліканы праблемамі з пастаўкамі. Яны пачаліся пасля Расія развязала вайну супраць Украіны, і амерыканскі брэнд пакінуў краіну-агрэсара.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.