Замест "МакДональдс" у Беларусі будуць працаваць рэстараны "Вкусно — и точка"
"МакДональдс" працуе ў Беларусі з 1996 года / yandex.ru
Рэстараны "МакДональдс" у Беларусі пераймянуюць. Яны будуць працаваць пад расійскім брэндам "Вкусно — и точка". Пра гэта гаворыцца ў паведамленні, размешчаным у сацсетках кампаніі.
Рэбрэндынг правядуць"на працягу некалькіх тыдняў". Пры гэтым у кампаніі сцвярджаюць, што захаваюць усе працоўныя месцы, сэрвіс і разнастайнае меню, да якога прывыклі госці.
Нагадаем, пасля пачатку вайны "МакДональдс" заявіў аб сыходзе з Расеі і прадаў свой бізнэс. На яго месцы з'явіўся расійскі брэнд "Вкусно — и точка". У новых закусачных з меню знікла кола, яе замянілі расейскай газіроўкай.
У Беларусі амерыканскі брэнд працягваў сваю працу, хоць праз санкцыі апошнім часам таксама сталі ўзнікаць праблемы. Беларускі "МакДональдс", у прыватнасці, быў вымушаны адмовіцца ад шэрагу фірмовых прапаноў, у тым ліку МакСняданкаў.
Першы рэстаран "МакДональдс" адкрыўся ў Мінску ў снежні 1996 года. На адкрыццё прыйшло больш за 10 000 чалавек, у сувязі з чым прыйшлося часткова перакрыць праспект.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.