Metall All Stars: правер сваю метал-эрудыцыю + правільныя адказы
Даведайся, якія былі правільныя адказы і хто атрымае запрашальнік на канцэрт.
1 красавіка ў Мінску адбудзецца сапраўднае свята для аматараў цяжкой музыкі — шоў Metal All Stars. У адным канцэрце выступіць 18 музыкаў вядомых метал-гуртоў. Зоркі шоў выканаюць па 4-5 самых вядомых кампазіцый гуртоў, у якіх яны гралі, ці граюць дагэтуль, а таксама хіты Motorhead, Black Sabbath, Iron Maiden, Manowar, Megadeth, AC/DC, Rainbow, Whitesnake і Ozzy Osbourne. Скончыцца вечар вялікім джэмам ад усіх удзельнікаў праекта.
Еўрарадыё падрыхтавала 2 квіткі на Metall All Stars для свайго самага падкаванага ў метале слухача. Каб пацвердзіць гэты пачэсны статус, кожны ахвочы мог адгадаць 7 вядомых металістаў: якіх мы зашыфравалі (заданні ты можаш паглядзець ніжэй на старонцы). Тэст паказаў, што 90% слухачоў Еўрарадыё — заядлыя аматары метала, а яшчэ 10% — прафесійныя металісты.
Пераможцам конкурсу стаў наш слухач Віктар, ён даслаў адказы апошнім, але затое адказаў правільна на ўсе заданні.
Дзіўна, што усе астатнія памыліліся ў адным і тым жа месцы. Металістам №2 быў Вінс Нэйл, вакаліст гурта Mötley Crüe. Альбом, пра які вялася гаворка ў заданні, "Dr.Feelgood", лічыцца самым прадаваемым альбомам Mötley Crüe.
Увага, заданні + адказы!
1. Гэты музыка сышоў з легендарнага гурта, які ён жа сам і стварыў, праз спрэчкі калектыву з яго жонкай. Ракавая жанчына не разгубілася і ў дадатак прымусіла мужа перайсці ў праваслаўе. (Макс Кавалера)
2. Металіст нумар два свой самы вядомы альбом запісаў пад уражаннем ад лекавання ад наркатычнай залежнасці, якое яго гурт быў вымушаны праходзіць поўным складам. (Вінс Нэйл)
3. Трэцяя метал-зорка, рост якой ледзь дацягвае да 165 сантыметраў, сваёй круцізной даказвае — памер не мае значэння! (Удо Дзіркшнайдар)
4. Металіст нумар чатыры спявае у гурце, які акурат уваходзіць у "вялікую чацвёрку трэш-металу". Музыка не адно дзесяцігоддзе то сыходзіў, то вяртаўся ў родную каманду і не дарма! У 2010 годзе гурт адкрыў адзіны ў гісторыі сумесны выступ "вялікай чацвёркі"! (Джоўі Беладонна)
5. З аднаго боку, музыка-самавучка, з іншага — удзельнік спісу найвялікшых гітарыстаў усіх часоў па версіі часопіса Classic Rock. У 20 гадоў ён напрасіўся на праслухоўванне ў Ozzy Osbourne Band каб атрымаць аўтограф Вялікага і Жудаснага, але так спадабаўся Озі Озбарну, што той прыняў яго ў гурт гітарыстам. Апошнія дзесяцігоддзі музыка спалучае працу з Озбарнам і кіраўніцтва ўласным гуртом. (Зак Уайлд)
6. Бацькі нашага чарговага металіста марылі, каб ён стаў скрыпачом. Шансы ў хлопчыка былі вельмі добрыя — да таго часу, калі ён закахаўся ў метал. Хлопчык пасталеў і скалаціў адзін з самых вядомых метал-гуртоў 80-х. Ужо больш за 20 гадоў ён не грае ў гэтым гурце, але жаданне вярнуцца да выканання ўласных хітоў прывяло яго ў каманду Men of War, вядомую па каверах на ягоную ж творчасць! (Ross The Boss)
7. Апошні металіст уваходзіць у сотню лепшых бубначоў свету. За бубнамі ён з тых часоў, калі яму было два, то бок, ужо 47 гадоў!